Додзік назваў Лукашэнку «жывой легендай»

Рэспубліка Сербская не дапусціла, каб Боснія і Герцагавіна ўвяла санкцыі супраць Беларусі, заявіў прэзідэнт Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны Міларад Додзік на сустрэчы са сваім беларускім калегам.

19.02.2024 / 14:21

Міларад Додзік і Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by

Паводле яго слоў, першая сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам адбылася 24 гады таму, калі ў Ерусаліме адзначалі двухтысячагоддзе хрысціянскай веры, піша «Спутнік».

«Я ведаю, што і ваша краіна таксама пад ціскам і санкцыямі Захаду. Мы ў Рэспубліцы Сербскай не дазволілі, каб Боснія і Герцагавіна галасавала за санкцыі», — нагадаў Додзік.

Міларад Додзік распавёў журналістам, што сербскі бок ніколі не забудзе акалічнасці візіту Аляксандра Лукашэнкі, калі ў 1999 годзе Югаславію бамбілі.

«Гэта быў акт асабістай смеласці, і мы, сербы, ніколі гэтага не забудзем. Ваш прэзідэнт — гэта жывая легенда. Ён сведка тых цяжкіх часоў, праз якія праходзілі беларусы, рускія і сербы», — сказаў ён.

Додзік дадаў, што падчас перамоў у Палацы Незалежнасці абмяркоўвалася закупка сербскім бокам беларускай тэхнікі на 10 мільёнаў даляраў.

Nashaniva.com