«Я больш не хачу займацца палітыкай». Па інтэрнэце гуляе фэйкавы зварот Ціханоўскага
Па расійскіх маргінальных рэсурсах сёння раптам сталі тыражаваць зварот, які нібыта належыць беларускаму палітзняволенаму Сяргею Ціханоўскаму.
19.02.2024 / 20:05
Скрыншот з апошняга на сённяшні дзень вядомага відэа, апублікаванага з удзелам Сяргея Ціханоўскага
Расійскія мала каму вядомыя паблікі цытуюць частку звароту Ціханоўскага, звернутага нібыта да ўладаў ЗША і краін Еўрасаюза:
«Я хачу спакойна даседзець свой тэрмін. Я не палітык і не хачу гэтым больш займацца. Святлана стала лідарам апазіцыі Беларусі. У яе ёсць пасведчанне прэзідэнта. Пра мяне ўжо ўсе забыліся і я проста хачу выйсці на волю жывым. Мая смерць нічога вам не дасць. Не дасылайце да мяне сваіх прадстаўнікоў і адвакатаў. Лепш быць забытым у турме, чым вядомым на могілках».
Сцвярджаецца, што зварот Ціханоўскага нібыта быў апублікаваны кіраўніцтвам калоніі, у якой ён знаходзіцца, але ніякіх пацвярджэнняў гэтаму не прыводзіцца.
Да кампаніі пашырэння гэтага тэксту ў пэўны момант далучыўся нават тэлеграм-канал Brief, які мае паўмільёна падпісчыкаў, але адразу перадумаў: апублікаваны ў канале пост быў практычна імгненна выдалены.
Якая можа быць мэта гэтай кампаніі, ці накіроўваецца і курыруецца яна зверху і ці атрымае яна нейкі працяг — пакуль незразумела.
Пра Сяргея Ціханоўскага, як і пра шэраг іншых вядомых палітвязняў, даўно не маюць вестак нават найбліжэйшыя сваякі. Апошні раз нейкая новая інфармацыя пра яго з'явілася 5 ліпеня мінулага года, калі на фоне чутак пра смерць Ціханоўскага лукашысты выклалі відэа з ім.
На распаўсюджаным сілавікамі відэа схуднелы чалавек, падобны да Ціханоўскага, робіць гімнастыку ў камеры, а затым бярэ міску з супам і сядае за стол есці. Тое, што на фота менавіта Сяргей, пацвердзіла ягоная жонка Святлана Ціханоўская. Між тым тое, калі і пры якіх абставінах запісвалася гэта відэа, да гэтага часу дакладна невядома.
Варта адзначыць, што інфармацыя пра Ціханоўскага не можа быць распаўсюджаная «кіраўніцтвам калоніі», бо яшчэ ў 2022 годзе яго перавялі на турэмны рэжым утрымання. Наколькі вядома, ён мусіць адбываць пакаранне ў Жодзінскай турме. Ягоны прысуд — 18 гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
Сяргею Ціханоўскаму споўнілася 45 гадоў
Ці мог быць Ціханоўскі праектам Крамля? Разважае блогер Кабанаў