Мастак Кузьміч расказаў, навошта зноў вяртаўся ў Беларусь. Стрыжак: Больш вывозіць яго не будзем
Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч ужо другі раз вярнуўся ў Беларусь пасля таго, як выехаў з краіны пасля выбараў. Ён расказаў «Нашай Ніве» пра тое, чаму выправіўся ў небяспечнае падарожжа і як яно прайшло.
21.02.2024 / 17:35
Фота: kuzmich.alexei / Facebook
Кузьміч кажа, што вырашыў вярнуцца па сямейных абставінах — каб развітацца з цяжка хворай бабуляй.
Аляксей прыехаў у Мінск 16 снежня: «Спадзяваўся пабачыцца з бабуляй — яна яшчэ была жывая. Проста з аўтобуса паехаў у бальніцу, а там сказалі, што пару гадзін таму яна памерла. Вяртаўся ў Беларусь, канечне, не наўпрост, але недзе засвяціўся. Хутчэй за ўсё, трапіў недзе на камеру, хаця і выконваў меры перасцярогі — насіў капюшон, кепку і маску, але, напэўна, недзе трапіўся».
Выязджаў Кузьміч з дапамогай «Байсола». У публікацыі кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак адзначыў, што ў гэтай гісторыі «чалавек неаднаразова падвяргаў сябе небяспецы, вяртаючыся ў Беларусь, што стварыла нагрузку на эвакуацыйную службу». І адзначыў, што наступны раз «Байсол» не будзе вывозіць Кузьміча.
У гэты ж раз Аляксей прабыў у Беларусі два месяцы. 21 лютага апынуўся ў бяспецы ў адной з еўрапейскіх краін:
«Месяц быў у Мінску, а потым мне перадалі, што мной могуць займацца сілавікі. Тэрмінова паехаў у вёску, і праз некалькі дзён інфармацыя пра сілавікоў пацвердзілася — я быў у распрацоўцы. 14 студзеня са Следчага камітэта прыйшлі да родных, сказалі, што заведзеная крыміналка па артыкуле «Хуліганства» за акцыю, якую я ладзіў на мосце на Нямізе восенню 2023-га.
Мне прапанавалі здацца — маўляў, тады мяне не пасадзяць за краты, а дадуць штраф. У цяперашніх рэаліях чуць такое было смешна. Думаю, калі б я здаўся, замест штрафу на мяне навесілі б яшчэ некалькі крымінальных спраў».
Пасля мінулага вяртання ў Беларусь Кузьміч таксама атрымліваў пагрозы ад сілавікоў. Але, кажа мастак, перад другім прыездам ён атрымаў інфармацыю, што на яго не заведзеная крыміналка і ён не знаходзіцца ў вышуку.
Цяпер ён не робіць высновы пра тое, ці бяспечна вяртацца на Радзіму: «Не буду нікому даваць парады. Думаю, што кожны чалавек сам за сябе адказвае. Мне [пасля мінулага прыезду] пісалі і людзі, засмучаныя, што я расказаў пра вяртанне ў Беларусь, і тыя, хто быў вельмі ўдзячны. Яны даведаліся, што так можна рабіць — прыехалі ў Беларусь, вырашылі свае праблемы і з’ехалі адтуль. Няхай кожны вырашае сам, але пры гэтым узважвае ўсе рызыкі і разумее, што вяртанне можа прывесці як да пацалункаў ад родных, так і да гадоў за кратамі».
Мастак расказвае, што ўражанні ад цяперашняга прыезду ў яго складаныя. У першае вяртанне, кажа Кузьміч, ён быў на куражы — паехаў дахаты заканчваць важную для яго акцыю «Транзіт», рабіць мастацтва. У гэты ж раз мужчына ведаў, што едзе да цяжкахворай бабулі.
Абстаноўка навокал таксама не спрыяла добраму настрою:
«Зіма, вакол пахмурна — гэта яўна не настройвае на станоўчы лад. Я прыехаў з Балгарыі. Там хаця і холадна, але я паспеў паплаваць у моры, а тут апынуўся ў зусім іншай прасторы. Але калі я з’ехаў у вёску, там было лепей — трохі прыйшоў у сябе. Бліжэй да выбараў участковы пачаў хадзіць па хатах, і можна было яму трапіцца: ён праверыў бы мае дакументы і пабачыў, што на мяне заведзеная крыміналка».
Цяпер Аляксей збіраецца ў Парыж, каб там займацца мастацтвам, бо прызнаецца — у Парыжы мастацтва ён не бачыць. Там, кажа Кузьміч, ён бачыць «мёртвае наслаенне культур, якія счапілі гэты горад».
Таксама, расказвае мастак, за апошні час ён напісаў дзве кнігі: «Адна — «Транзітны дзённік», па падзеях акцыі-гульні «Транзіт» і яе заканчэння. Другая — «Імітацыя», датычна акцыі ў Францыі, паходу на Елісейскі палац з бутэлькай кактэйля Молакава, то-бок малака, калі я перанёс вобраз беларускай рэвалюцыі ў Францыю. Але кніга не пра гэтую акцыю, яна, хутчэй, адбітак часу, у якім мы жывем».
Чытайце таксама:
З Russia зрабіў Belorussia. Мастак Аляксей Кузьміч зладзіў новую дзёрзкую акцыю ВІДЭА