У краінах Балтыі затрымалі 11 чалавек па падазрэнні ў працы на расійскія спецслужбы
Спецслужбы Латвіі і Эстоніі правялі шэраг затрыманняў асоб, якія падазраюцца ў вандалізме і апаганенні помнікаў. Іх дзеянні класіфікуюцца як «гібрыдныя атакі на замову расійскіх спецслужбаў», піша Руская служба Бі-бі-сі.
21.02.2024 / 17:35
Усе 11 затрыманых чалавек падазраюцца балтыйскімі спецслужбамі ў зборы адчувальнай інфармацыі, падрыхтоўцы і арганізацыі дыверсій.
Паводле версіі эстонскай Службы ўнутранай бяспекі, у кожнага падазраванага была свая роля ў падрыхтоўцы і правядзенні аперацый, іх дзеянні каардынаваліся Масквой. Вярбоўка, верагодна, праходзіла праз сацсеткі.
У якасці прыкладаў гібрыдных нападаў эстонская СУБ згадвае разбітыя вокны ў дзвюх машынах — міністра і журналіста. Эстонскія СМІ пішуць пра машыны міністра ўнутраных спраў Лаўры Ляэнеметса і рэдактара партала Delfi Андрэя Шумакова. У сваю чаргу, латвійская служба дзяржбяспекі паведамляе пра апаганенне помніка латышскім легіянерам.
На гэты момант абедзве справы знаходзяцца на стадыі расследавання, да сямі асоб у якасці меры стрымання ўжыты арышт, паведамляе Бі-бі-сі.
Кіраўнік эстонскай СУБ Марга Паласан лічыць, што дзеянні расійскіх спецслужбаў у гэтым кантэксце накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі і нагнятанне страху. З ягоных слоў, гатоўнасць эстонскага грамадства да супрацоўніцтва з Крамлём вельмі нізкая. Больш за тое, людзі актыўна паведамляюць мясцовым спецслужбам пра падазроныя паведамленні ў сацсетках.
Як паведамляе эстонская СУБ, першыя затрыманні прайшлі ў снежні 2023 года, затым — у пачатку лютага, потым — у сярэдзіне лютага. Усяго так было затрымана дзесяць чалавек. Яшчэ адно затрыманне правяла латвійская СДБ у пачатку лютага.
Абедзве арганізацыі паведамілі пра затрыманні і ператрусы ўвечары 20 лютага.
Чытайце таксама:
Польскі суд прысудзіў беларуса па абвінавачванні ў шпіянажы да 4 гадоў турмы
У Расіі пераследуюць за «дзяржздраду» распрацоўшчыкаў гіпергукавых тэхналогій