У Жлобіне на падворках ставяць расійскія сцягі. Мясцовыя сілавікі гэта толькі вітаюць
У тэлеграм-канале «Свободный Жлобин» з'явілася фота, на якім выяўлены расійскі сцяг на флагштоку побач з чырвона-зялёным беларускім на адным з падворкаў жлобінскага прыватнага сектара. Гэтая сітуацыя мае сваю перадгісторыю.
21.02.2024 / 18:01
Яшчэ 5 лютага «Свободный Жлобин» паведамляў, што ў мясцовым чаце «Дыялог з уладай» грамадзяне задавалі пытанне, ці можна ставіць на падворках расійскія сцягі, бо такія выпадкі ўжо былі зафіксаваныя. Ім адказаў асабіста начальнік мясцовага РАУС Віталь Падзярун: «У гэтым выпадку адсутнічаюць падставы для пачатку адміністрацыйнага працэсу».
Праз некалькі дзён грамадзяне ў тым жа чаце запыталіся, ці можна ў такім выпадку вывешваць на падворках і ўкраінскія сцягі? Адказам было абцякальнае сцвярджэнне, што «на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэкамендуецца ўстаноўка сцяга Рэспублікі Беларусь». У цяперашняй сітуацыі такі адказ відавочна трэба трактаваць як тое, што талеравацца ўкраінскі сцяг нават на асабістым падворку не будзе.
Са свежага фотафакта ў телеграм-канале «Свободный Жлобин» бачна, што прарасійска настроеныя жыхары горада карт-бланшам, дадзеным ім начальнікам мясцовай міліцыі, ахвотна карыстаюцца.
Чытайце таксама:
Прарасійскія актывісты спрабавалі накруціць галасы супраць імёнаў выбітных беларусаў