Дырэктар ліцэя ў Польшчы прайграў грошы навучэнцаў і зʼехаў у Беларусь. Але вытрымаў толькі 10 дзён

Дырэктар ліцэя ў польскім горадзе Буска-Здруй прайграў грошы, якія прызначаліся на паездкі школьнікаў. Усвядоміўшы, што не ў стане пагасіць доўг, ён зʼехаў у Беларусь. Але праз 10 дзён вырашыў вярнуцца, каб паўстаць перад судом. На гісторыю, якую распавяла Wyborcza, звярнуў увагу «Мост».

22.02.2024 / 15:22

Томаш Г. прызнаўся, што праблемы з азартнымі гульнямі ў яго пачаліся яшчэ ў 2012 годзе. Ён рабіў стаўкі на футбол і іншыя віды спорту. У асноўным мужчына гуляў анлайн, але часам наведваў і стацыянарныя букмекерскія канторы. 

Усвядоміўшы сваю залежнасць, ён вырашыў прайсці тэрапію. Лячэнне дапамагло: Томаш быў «у завязцы» амаль два гады. Аднак у 2019 годзе ён пачаў гуляць зноў. Нейкі час ён прайграваў уласныя грошы, потым пачаў займаць невялікія сумы, а пасля стаў браць грошы, сабраныя школьнікамі і бацькоўскім камітэтам — сродкі захоўвалася ў сейфе яго кабінета. 

У 2020 годзе дзяцей хацелі адправіць у Італію і Харватыю — сабраныя на гэта сродкі настаўнікі перадалі былому дырэктару на захоўванне. Але з-за пандэміі паездкі прыйшлося адкласці. 

— Гэтая сітуацыя прымусіла мяне спакусіцца грашыма, — распавёў Томаш. — Здаралася, што настаўнікі ці школьнікі пыталіся пра паездкі, але я іх адкладаў, апраўдваючыся пандэміяй і вайной. Гэта дазваляла выйграць час. 

Дырэктару здавалася, што ён здолее адыграцца, але ў выніку мужчына выдаткаваў усе сродкі, узятыя са школьнай касы — агулам амаль паўмільёна злотых (каля 125 тысяч даляраў). 

У верасні 2022 года, пасля летніх канікулаў, Томаш павінен быў пачаць працу, але ў ліцэі не зʼявіўся. Праз дзень сямʼя заявіла аб ягоным знікненні. Тады ж яго намеснік заўважыў, што грошы, якія прызначаліся на паездкі, зніклі. 

— Я зʼехаў з Польшчы ў Беларусь 5 верасня. Мне проста надакучылі штодзённыя роспыты пра грошы — я ведаў, што ў мяне іх няма, і не мог гэтага вынесці. 

Дырэктар прабыў у Беларусі 10 дзён, і ў ноч з 15 на 16 верасня вярнуўся ў Польшчу. На трэці дзень знаходжання на радзіме Томаша затрымалі. 

Суд прыняў да ўвагі, што мужчына добраахвотна вярнуўся з-за мяжы, не перашкаджаў крымінальнай вытворчасці, прызнаў сябе вінаватым і пачаў пагашаць доўг. 

Ужо былога дырэктара прыгаварылі да 2 гадоў і 10 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама ён павінен пагасіць доўг.

Чытайце таксама:

Дзяўчына хацела абыграць казіно. Яна ўлезла ў сумнеўную справу і страціла $1234

«Усяго за 20 еўра я дапамагу «забыцца» знойдзеную інфармацыю». З'явілася махлярская схема ці правакацыя, магчымая толькі ў Беларусі

Мінчанін скраў у пʼянага незнаёмца 12 тысяч даляраў, гуляў на іх тыдзень, а папаўся на скрадзенай бутэльцы піва

Nashaniva.com