Пажарнікі ў Іспаніі некалькі гадзін змагаліся, спрабуючы выратаваць людзей з ахопленага агнём шматпавярховіка

Пажар у Валенсіі ўзнік у 14-павярховым доме ў раёне Кампанар і перакінуўся на суседні будынак.

23.02.2024 / 07:58

Фота: Alberto Saiz / AP

Пажарнікі ратавалі людзей з балконаў, і, іншыя людзі маглі апынуцца ў пастцы ўнутры, піша Бі-бі-сі.

Прынамсі 19 чалавек, у тым ліку шэсць пажарнікаў і маленькае дзіця, атрымалі раненні. Чатыры чалавекі загінулі.

Больш за 20 пажарных брыгад змагаліся з агнём, а людзей заклікалі трымацца далей ад гэтага раёну. У будынку 138 кватэр, у якіх пражывалі 450 чалавек.

Па паведамленнях мясцовых жыхароў, пажарнікі з дапамогай пад'ёмных кранаў выратавалі некалькіх жыхароў, у тым ліку сямейную пару, якая жыве на сёмым паверсе.

Адна з жанчын распавяла тэлеканалу TVE, што бачыла, як пажарнікі спрабавалі выратаваць падлетка, які быў на другім паверсе будынка.

Прычыны ўзгарання пакуль няясныя, але ў краіне ўжо гучаць пытанні аб матэрыялах, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве будынка.

Эстэр Пучадэс, віцэ-прэзідэнт каледжа прамысловых тэхнічных інжынераў Валенсіі, паведаміла, што раней яна ўжо аглядала будынак. Паводле яе слоў, звонку дом быў аздоблены поліўрэтанавым матэрыялам, які больш не выкарыстоўваецца з-за боязі з нагоды ўзгаральнасці.

Адзін чалавек, які жыве на другім паверсе будынка, распавёў, што полымя хутка разрасталася пасля таго, як пажар пачаўся, як мяркуецца, на чацвёртым паверсе.

«Агонь распаўсюдзіўся за 10 хвілін», — сказаў ён, дадаўшы, што прычынай распаўсюджвання агню мог стаць матэрыял на фасадзе будынка.

На думку інжынера Давіда Хігуэры, прычынай хуткага распаўсюду агню магла стаць абліцоўка будынка.

Алюмініевыя пласціны з пластыкавым уцяпляльнікам, якія пакрываюць фасад, вельмі добра ізалююць ад спёкі і холаду, але вельмі гаручыя.

«Прыгнечаны жахлівым пажарам у будынку ў Валенсіі, — напісаў у сацсетцы X прэм'ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс. — Хачу выказаць салідарнасць усім пацярпелым і ўдзячнасць усім супрацоўнікам экстранных службаў, якія працуюць на месцы здарэння».

Чытайце таксама:

Цельца немаўляці, што згарэла падчас пажару ў Харкаве, фактычна ператварылася ў попел

У Папуа — Новай Гвінеі бушуе крывавая міжплемянная вайна. Ужо больш за 50 загінулых

Самы хуткі марафонец у свеце загінуў у аўтакатастрофе

Nashaniva.com