У сацсетках распаўсюджваецца фэйкавы запіс голасу маці Навальнага, на якім яна праклінае сваю нявестку

Падробку маглі запусціць людзі, звязаныя з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргеем Кірыенкам.

23.02.2024 / 15:48

Людміла Навальная. Скрыншот відэа

Увагу на аўдыёзапіс, створаны з дапамогай нейрасеткі, звярнуў галоўны рэдактар ​​«Праверана. Медыя» Ілля Бер, піша «Медуза».

На запісе змадэляваны голас, які аддалена нагадвае голас Людмілы Навальнай, прамаўляе наступны тэкст: «Паважаная Юлія Барысаўна Абросімава (Навальная), зараз я хачу звярнуцца да вас. <…> Я вамі пагарджаю і забараняю вам спекуляваць на імені майго сына, майго дзіцяці».

Акрамя таго, аўтары падробкі абвінавацілі Юлію Навальную ў нібыта «непрыстойным» вонкавым выглядзе на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, дзе ўдава палітыка з'явілася праз некалькі гадзін пасля навіны аб яго смерці.

Бер адзначае, што нізкая ступень падабенства голасу звязана з тым, што нейрасетку не было на чым навучаць. З публічных выступаў Людмілы Навальнай ёсць толькі яе зварот да Пуціна, у якім яна патрабуе выдаць ёй цела сына.

Таксама ён адзначае, што фэйк запусціў буйны тэлеграм-канал «Сігнал» з сеткі Крысціны Патупчык, якая атрымлівае грошы ад ініцыятывы «Дыялог». «Курыруе гэта ўсё асабіста [экс-прэм'ер] Сяргей Кірыенка», — напісаў Бер.

Аляксей Навальны памёр тыдзень таму, 16 лютага, у калоніі «Палярны воўк» у Ямала-Ненецкай акрузе. Яму было 47 гадоў.

Чытайце таксама:

Джо Байдэн сустрэўся з жонкай і дачкой Навальнага

«Не будзьце больш жорсткімі, чым Пілат». Праваслаўныя святары звярнуліся да ўладаў Расіі з просьбай аддаць цела Навальнага сям'і

Стваральнік «Навічка»: Калі версія атручвання правільная, цела Навальнага наўрад ці аддадуць маці

Скаргу маці Навальнага на нявыдачу цела сына разгледзяць толькі праз два тыдні

Хрыста Грозеў будзе расследаваць гібель Навальнага

Nashaniva.com