Байдэн афіцыйна заявіў пра 500 новых санкцыйных абмежаванняў супраць Расіі 

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў, што ягоная краіна ўводзіць 500 новых санкцыйных абмежаванняў супраць Расіі за вайну і смерць у турме Аляксея Навальнага. Абмежаванні будуць накіраваныя на расійскі фінансавы сектар, абаронна-прамысловы комплекс, удзельнікаў сеткі закупак, якія ўхіляюцца ад санкцый, а таксама на адказных за турэмнае зняволенне Навальнага, паведамляецца ў прэс-рэлізе Белага дома.

23.02.2024 / 16:57

Джо Байдэн. Фота: Evan Vucci / AP

Новыя экспартныя санкцыі таксама ўвядуць у дачыненні да амаль 100 арганізацый, якія падтрымліваюць «расійскую вайсковую машыну». Белы дом таксама заявіў, што прымае меры па далейшым скарачэнні энергетычных даходаў Расіі.

У Белым доме лічаць, што санкцыі «гарантуюць, што Пуцін заплаціць яшчэ больш высокую цану за сваю агрэсію за мяжой і рэпрэсіі ўнутры краіны».

У сваёй заяве Байдэн назваў Аляксея Навальнага «мужным змагаром супраць карупцыі» і «непрымірымым лідарам апазіцыі Пуціну». «Гэтыя санкцыі будуць накіраваныя супраць асоб, звязаных са знаходжаннем Навальнага ў турме, а таксама супраць фінансавага сектара, абароннай прамысловасці, сістэмы забеспячэння, а таксама асоб, […] якія дапамагаюць пазбягаць санкцый», — падкрэсліў амерыканскі прэзідэнт.

Падрабязны спіс абмежавальных мер пакуль не апублікаваны.

Акрамя таго, Байдэн выступіў з заклікам да амерыканскіх парламентарыяў аказаць падтрымку Украіне.

«Гісторыя глядзіць на нас, — сказаў ён. — Няздольнасць падтрымаць Украіну ў гэты крытычны момант не будзе забытая. Прыйшоў час стаць у адзін шэраг з Украінай, нашымі саюзнікамі і партнёрамі».

Чытайце таксама:

Рада ЕС зацвердзіла 13-ты пакет санкцый супраць пуцінскага рэжыму

Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў

Як беларусы дапамагалі аснашчаць расійскую вайсковую машыну заходнім абсталяваннем

Байдэн назваў Пуціна «звар'яцелым сукіным сынам»

Nashaniva.com