У Польшчы заявілі пра рост кантрабанды з Беларусі ў 10 разоў
Польскія памежнікі ў 2023 годзе зафіксавалі рэзкі рост кантрабанды з Беларусі — больш чым на 1000% па асобных пазіцыях, у той час як годам раней назіралася зніжэнне колькасці кантрабанды. Прытым гэта адбываецца на фоне пастаяннага ўзмацнення кантролю на польска-беларускай мяжы, піша Rzeczpospolita.
23.02.2024 / 18:53
Плот на мяжы Польшчы з Беларуссю. Фота: Fabian Sommer/picture alliance via Getty Images
Паводле справаздачы Галоўнага ўпраўлення памежнай службы за мінулы год, больш чым на 1000% вырасла, у прыватнасці, кантрабанда цыгарэт — было выяўлена нелегальных цыгарэт на 24 млн злотых (каля 20 млн беларускіх рублёў у эквіваленце), тады як годам раней — усяго на 2 млн злотых (каля 1,6 млн рублёў).
Як адзначае Rzeczpospolita, усталяваны на мяжы Беларусі і Польшчы плот і арганізаванае ўздоўж яго дадатковае патруляванне «абмежавала кантрабанду людзей, але не спыніла арганізаваныя злачынныя групоўкі».
Прычым, мяркуючы са справаздачы польскіх памежнікаў, павялічыліся аб'ёмы кантрабанды ў тым ліку і праз легальныя пункты пропуску: за мінулы год супрацоўнікі памежнай службы і іншых устаноў канфіскавалі тавараў, незаконна ўвезеных з Беларусі, на агульную суму 30 млн злотых (каля 25 млн рублёў), тады як годам раней гэтая сума была ажно ў 5 разоў меншая — 5,8 млн злотых (каля 4,7 млн беларускіх рублёў).
Паводле звестак польскіх памежнікаў, у цэлым у два разы вырасла кантрабанда на польскіх межах не толькі з Беларусі, але таксама з Украіны і Расіі. Агульная сума выяўленай кантрабанды на ўсіх трох кірунках склала амаль 50 млн злотых (крыху больш за 40 млн рублёў).
Чытайце таксама:
Польшча будзе мадэрнізаваць агароджу на мяжы з Беларуссю
Новы міністр унутраных спраў Польшчы плануе ўмацоўваць плот на мяжы з Беларуссю
Польшча пабудуе на мяжы з Беларуссю новую агароджу, з камерамі, цеплавізарамі і датчыкамі руху