«Уяўляеце, мне нобелеўскі лаўрэат нёс матрац!» Экс-палітзняволеная — пра сустрэчы з Рабковай і Бяляцкім
Былая палітзняволеная (імя не называецца ў мэтах бяспекі) знаходзілася ў СІЗА-1 на «Валадарцы», дзе сустрэла палітзняволеных праваабаронцаў «Вясны» Марфу Рабкову і Алеся Бяляцкага. Гісторыямі гэтых сустрэч яна падзяляліся з «Вясной». Публікуем яе аповед.
27.02.2024 / 14:03
Пра Алеся Бяляцкага
Калі шчыра, да майго сораму, я не ведала, як выглядае Алесь Бяляцкі. Я ведала, што Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію, але ніколі не запамінала яго фота. І вось аднойчы мяне вялі да адваката, і трэба ісці галавой уніз і рукі за спінай, гэта значыць я заўсёды бачыла толькі ногі.
І я па абутку навучылася разумець, хто за што сядзіць. Калі просты абутак або спартыўны «адыдас», то наркотыкі, калі мужчынскія туфлі або макасіны — то эканоміка, а калі прыгожыя красоўкі — то палітыка.
І ў той раз перада мной ішоў мужчына ў прыгожых красоўках. Наколькі я памятаю, шэра-чырвоныя красоўкі. Гэта быў Алесь.
У мяне няшмат з ім кантактаў было. Але ўсё вельмі яркія.
Калі нас вадзілі ў душ, мы спыняліся каля камеры Алеся, і адтуль заўсёды гучна даносіліся «60 минут» са Скабеевай (прапагандысцкае ток-шоу на расійскім тэлебачанні — Рэд.). І я думала: як яны могуць глядзець гэты жах у нашых умовах? Але мне здаецца, ён проста хацеў быць у курсе таго, што адбываецца, і фільтраваў навіны.
Аднойчы ў камеру прыехала жанчына з калоніі на зачытку апеляцыі ці нешта такое. І яна радасная зайшла да нас і кажа:
«Уяўляеце, мне толькі што Алесь Бяляцкі нёс матрац! Я яму кажу: «Алесь, мне ўпершыню ў жыцці нобелеўскі лаўрэат падносіць рэчы!». Але потым яму забаранілі дапамагаць, і палову дарогі яна сама несла свой матрац.
Пра Марфу Рабкову
І яшчэ гэтая жанчына сказала Машы Рабковай: «Марфа, гэта вы? Вы такая маладая! Вы там вялікая знакамітасць, вас вельмі чакаюць!» І Маша так здзівілася, што пра яе ведаюць і пра яе гавораць.
Праз некалькі дзён гэтая жанчына лепей даведалася Машу і сказала ёй: «Вам там будзе цяжка, там лепш не высоўвацца». І Маша сказала: «Я не змагу, калі я бачу несправядлівасць — я не магу прамаўчаць».
Маша, вось не памятаю, кожны аўторак ці кожны чацвер чакала, што яе адправяць у калонію, таму што прысуд ужо даўно ўступіў у сілу. І яна на ўсялякі выпадак збірала рэчы.
І ў той дзень, калі ёй давялося зʼехаць, яна ўжо рэчы не збірала так старанна, таму нам давялося спяшацца — і мы ўсёй камерай яе збіралі. Калі яе вывелі з камеры на прадол, мы з дзяўчынкамі на «тры-чатыры» крыкнулі: «Маша, мы цябе любім!» Гэта было вельмі шчыра.
Яе праўда ўсё паважалі і адчувалі цёплыя пачуцці. І яна была рада, што зʼязджае ў калонію, яна гаварыла са слязамі на вачах:
«Дзяўчынкі, разумееце, мне не здаецца, што я еду ў калонію, я еду дадому, я ўбачу маму!» Таму што яна з Добруша. І гомельская турма там побач.
Мяне вельмі кранула яе фраза, калі Марфа сказала, што
калі б у яе быў выбар: яе прысуд або да канца жыцця не выходзіць з дому, то яна б пагадзілася ніколі не выходзіць з дому, абы быць з блізкімі побач.
Яна часта пераглядала фатаграфіі мамы, таты, а таксама з мужам, паказвала іх нам — і ўсе казалі, якая яны мілая пара і што Маша вельмі схуднела.
Таксама Маша дзялілася сваёй філасофіяй, што калі наступіць Беларусь будучыні, не трэба караць сілавікоў, інакш мы прыпадобнімся да іх, і гвалт ніколі не скончыцца — мы павінны будзем ім дараваць і прыдумаць ім новыя месцы рэалізацыі.
А яшчэ яна казала, што ў будучыні будзе працаваць правяраючай умоў зняволеных у турмах, будзе ездзіць з інспекцыямі па ўсіх месцах зняволення.
Мяне здзівіла, што яна была там два з паловай гады, але яе погляды і каштоўнасці не змяніліся, яна зусім не была зламана.
Алесь перадаваў Машы прывітанні праз разносчыцу ежы, казаў, каб яна трымалася і што «Вясна прыйдзе». Яе твар у гэтыя моманты азараўся ўсмешкай. Наогул яна часта ўсміхалася.
Чытайце таксама:
Мы ідэнтыфікавалі аднаго з губазікаўцаў, які запісвае відэа з затрыманымі. Што пра яго вядома?