У Маладзечне закрываюць лялечны тэатр, які ставіў «Тутэйшых»?

Чыноўнікі незадаволеныя яго наведвальнасцю. Але запэўніваюць, што тэатр будзе існаваць — у іншым фармаце.

27.02.2024 / 16:45

Фрагмент са спектакля лялечнага тэатра «Батлейка». Фота: batleika.by

Пра намеры закрыць у Маладзечне тэатр лялек стала вядома з сацыяльных сетак.

Крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, адзначаюць, што гаворка ідзе пра рэарганізацыю, а не закрыццё. Канчатковае рашэнне аб лёсе ўстановы яшчэ не прынятае.

Па нядзелях спектаклі працягваюць паказваць, а што будзе далей, калектыў не ведае. У бліжэйшыя выхадныя пакажуць пастаноўку «Гісторыя маленькага смаўжа».

«Батлейка» падпарадкоўваецца Мінскаму абласному ўпраўленню культуры. Чытача «Нашай Нівы» сталічныя чыноўнікі запэўнілі, што закрываць тэатр ніхто не збіраецца, але, магчыма, ён будзе існаваць «у нейкім новым фармаце».

«Батлейка» застанецца адназначна і дзіцячыя спектаклі будуць», — цытуе чытач суразмоўніцу з абласнога ўпраўлення культуры.

У чыноўнікаў да тэатра ёсць пытанні з выкананнем плана. «Батлейка» — адзіны ў краіне тэатр, які не выканаў яго за студзень і, відаць, тое ж будзе ў лютым, кажуць у абласным упраўленні.

Чыноўнікі спасылаюцца на ўказ Лукашэнкі, згодна з якім з бюджэту на падтрымку тэатраў выдаткоўваецца 60 працэнтаў неабходных сродкаў. Астатнія 40 тэатр мусіць зарабіць сам.

«Пры гэтым у іншых абласцях ідуць лялечныя спектаклі без праблемаў, акрамя Маладзечна», — давяла чытачу чыноўніца.

Вядома, што з калектывам сустракалася кіраўніцтва абласнога упраўлення культуры. Абмяркоўвалі варыянты, як выходзіць з сітуацыі. Не выключана, што ў калектыве з'явіцца новы наймальнік.

Летась, паводле Reform.by, «Батлейку» за нізкія паказчыкі наведвання збіраліся пазбавіць самастойнасці, аб’яднаўшы з Мінскім абласным драматычным тэатрам, які працуе ў Маладзечне. 

Задуманае хацелі ажыццявіць да 1 студзеня 2023 года, але ўзніклі юрыдычныя пытанні. Ды і сам калектыў не ўзрадаваўся намеру чыноўнікаў зрабіць тэатр філіялам іншай установы.

Паводле крыніц выдання «Люстэрка», дырэктарка тэатра Таццяна Чаеўская звольнена. Калектыву прапанавалі знайсці больш эфектыўнага кіраўніка.

***

Тэатру лялек «Батлейка» больш за трыццаць гадоў. Свае спектаклі ён ставіць паводле старадаўніх традыцый беларускага мастацтва. У яго даробку больш за 40 пастановак. У ім ставілі «Тутэйшых» Янкі Купалы.

Тэатр неаднаразова ўзнагароджвалі дыпломамі і прызамі на міжнародных фестывалях тэатраў. У 2018 годзе спектакль «Сёстры Граі»» быў узнагароджаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй.

Глядзіце таксама:

Легендарную «Бярозку» канчаткова русіфікавалі

Павел Латушка расказаў, як Пяткевіч забараніла яму ісці на юбілей Барадуліна

«Верхні паверх — гэта неба, там анёлы, містэрыя, вешчуны». Наваполацкі майстар аднавіў старажытную батлейку

Васіль Вашчыла