Хлопца з Калінкавічаў судзяць за здраду дзяржаве і за порна з непаўнагадовай
Суд над хлопцам ідзе ўжо тры тыдні, але ў чым сутнасць справы — невядома.
28.02.2024 / 08:00
Ягор Краўчэня. Фота з базы «Кіберпартызанаў»
Падсуднага клічуць Ягор Краўчэня. Яму 28 гадоў, ён родам з Калінкавічаў. Вядома, што ён вучыўся ў палітэхнічным каледжы, імаверна, у Гомелі. Пасля працаваў рабочым на розных прадпрыемствах. Апошнім месцам працы мужчыны ў базах «Кіберпартызанаў» пазначаная Беларуская чыгунка.
Ягор цікавіўся музыкай і дыджэіў на мясцовых мерапрыемствах у Калінкавічах.
Але было ў яго і падазронае захапленне. Мяркуючы па чатах у тэлеграме, ён уступаў у «блізкія» перапіскі, у тым ліку з маладымі дзяўчатамі. Таксама ў чатах ён прасіў іх «скідваць відэа з сабой».
Паведамленні Краўчэні ў розных тэлеграм-чатах
Затрымалі хлопца ў жніўні 2023-га. Невядома, чаму ім зацікавіліся сілавікі. Ці то арыштавалі за «здраду дзяржаве», а пасля знайшлі ў тэлефоне гарачыя перапіскі, ці то наадварот — спачатку было падазрэнне ў распаўсюдзе порна, а пасля дадалася і «здрада».
Тэлеграм-акаўнт Краўчэні неабаронены. Праз боты, якімі карыстаюцца сілавікі, лёгка адшукаць, каму ён належыць.
Цяпер хлопца судзяць адразу па некалькіх артыкулах. Апроч «здрады дзяржаве», гэта два артыкулы за выраб ці распаўсюд порна (адзін — з удзелам дарослага, другі — з удзелам непаўнагадовага грамадзяніна).
За «здраду дзяржаве» Краўчэню пагражае да пятнаццаці гадоў зняволення.
Чытайце таксама:
Чаму ў Беларусі сталі выкрываць больш педафілаў? Адказвае следчы
«Не быў хамам». За здраду дзяржаве судзяць падпалкоўніка, які «перажываў за Украіну»