«Азаронак бранябойна стаяў, а Пуставы паплыў». Івулін пра гісторыю ў мінскім метро
Падчас стрыму на ютуб-канале BalaganOFF блогер Аляксандр Івулін падзяліўся гісторыяй, што адбылася з прапагандыстамі Азаронкам і Пуставым у вагоне мінскага метро.
28.02.2024 / 13:21
Выпадак, пра які расказаў Аляксандр Івулін, адбыўся ў студзені 2021 года, у дзень, калі Аляксей Навальны вярнуўся ў Расію. Аляксандр разам з сябрамі ехаў у метро. У пераходзе паміж «Кастрычніцкай» і «Купалаўскай» яны ўбачылі Рыгора Азаронка і Яўгена Пуставога.
«Я думаю, трэба да іх падысці, нешта сказаць. Але хлопцы кажуць, не трэба. Я падышоў бліжэй да іх, каб чуць, што яны гавораць. Яны гавораць: «Сабралі масоўку. Нагналі амерыканцы, каб сустрэць Навальнага. Лялькаводы», — згадвае Івулін.
Сярод пасажыраў знайшліся людзі, якія змаглі выказаць прапагандыстам сваё меркаванне аб іх.
«Нейкі дзед і дзяўчына пачынаюць ім гаварыць, як ім не сорамна»,
— згадвае Івулін.
Рэакцыя прапагандыстаў на гэта была розная.
«Пуставы паплыў. Азаронак проста бранябойна стаяў і слухаў. Пасля ўвесь вагон пачынае ім пляскаць. Мы не можам нічога зрабіць, бо ўсе ў прававым полі. Гэта метро. Але сам факт таго, што Азаронак ужо тады, напачатку 2021-га, быў такі бранябойны. Стаяў спакойна. А па Пуставым было відаць, што ён па-сапраўднаму паплыў.
Проста ўяві — яны едуць і ўвесь вагон ім апладзіруе зразумела з якой інтанацыяй».
Чытайце яшчэ:
Жыццёвыя прыгоды Яўгена Пуставога: чым вядомы прапагандыст СТБ