Знайшоўся Сяргей Ерамееў, якога вінавацяць у выбухах на чыгунцы ў Бураціі
Беларус Сяргей Ерамееў, якога вінавацяць у выбухах на чыгунцы ў Бураціі, цяпер знаходзіцца ў СІЗА «Лефортава» ў Маскве, паведамляе фонд «Байхэлп». Пра яго доўга не было нічога чуваць, і ягонае месцазнаходжанне спрабавалі вызначыць беларускія праваабаронцы пры дапамозе расійскіх калег.
01.03.2024 / 16:37
Сяргея Ерамеева арыштавалі летась у снежні. Яму закідваюць у віну арганізацыю падрываў двух грузавых чыгуначных саставаў у тунэлі БАМ у лістападзе 2023 года. У выніку гэтага магістраль была нейкі час цалкам паралізаваная.
Пасля арышту Сяргея Ерамеева этапапавалі ў СІЗА ва Улан-Удэ. Пазней месяц ягонае месцазнаходжанне было невядомае.
Найбліжэйшым часам да Сяргея Ерамеева паспрабуе патрапіць адвакат.
У выніку падрываў 29 і 30 лістапада двух чыгуначных саставаў з нафтапрадуктамі, якія рухаліся з Тайшэта да станцый Тында і Нерунгры па Байкала-Амурскай магістралі, адбылося ўзгаранне цыстэрнаў з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, што часова блакавала рух па магістралі.
7 снежня ФСБ паведаміла пра затрыманне ў Омску беларуса Сяргея Ерамеева, які, па сцвярджэнні сілавікоў, «даў прызнальныя паказанні аб працы пад кантролем украінскіх спецслужбаў» і прызнаў віну.
Сяргей Ерамееў — былы супрацоўнік наваполацкага прадпрыемства «Нафтан», удзельнік страйку на ім у 2020 годзе. Працаваў прыбарыстам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі.
Чытайце таксама:
У Полацку адбыліся затрыманні з нагоды дыверсіі ў расійскім тунэлі, у якой абвінавачваюць беларуса
Затрыманы за дыверсію ў расійскім тунэлі беларус — шматдзетны бацька, які не змаўчаў у 2020-м