На мяжы з Літвой пасля закрыцця двух памежных пераходаў сабраліся вялікія чэргі
Пасля таго, як Літва закрыла з 1 сакавіка яшчэ два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю, на тых двух, што засталіся, значна выраслі чэргі з грузавікоў, паведаміла Delfi.lt.
02.03.2024 / 19:51
Здымак ілюстрацыйны
Паводле слоў прэс-сакратара Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедруса Мішуціса, у суботу на памежных пунктах «Меднікі» (з беларускага боку «Каменны лог» і «Салечнікі» (з беларускага боку «Беняконі») з беларускага боку чакалі 670-680 грузавікоў.
З літоўскага боку ў Медніках у суботу раніцай знаходзілася каля 500 грузавікоў, а час чакання ў чарзе складаў каля 55 гадзін. У Салечніках чарга была з 340 машын, дзе кіроўцам даводзілася чакаць перасячэння мяжы каля 34 гадзін.
Таксама павялічыўся час чакання для кіроўцаў легкавых аўтамабіляў. На пераходзе «Меднікі — Каменны лог» у чарзе прыйдзецца прастаяць каля шасці гадзін, «Салечнікі — Беняконі» — каля дзвюх гадзін.
Зрэшты, зусім вялікай праблемы ў гэтым літоўскі чыноўнік не бачыць:
«Ёсць некаторае павелічэнне, але яно не вельмі вялікае, бывалі перыяды значна горшыя, калі чэргі былі большыя (…). Чэргі даволі доўгія, час чакання вялікі, але каб гэта быў рэкорд — такога пакуль не было», — сказаў Гедрус Мішуціс.
З 1 сакавіка Літва зусім закрыла пункты пропуску «Райгарад» і «Лаварышкі», а на пакінутых двух пераходах у Медніках і Салечніках забаранілі перасякаць мяжу пешшу або на роварах.
Чытайце таксама:
Міністр замежных спраў Літвы: Дзверы для беларусаў прычыненыя, але зусім зачыняць іх не варта
Як цяпер дабрацца з Гродна ў Друскенікі на маршрутцы
Што цяпер робіцца на прапускных пунктах на выезд з Беларусі ў краіны ЕС
Рэзка падаражэлі квіткі на аўтобусы з Мінска ў Варшаву і Вільню. Што адбылося?