102-гадовая жанчына ўспомніла пра гады вайны, ды не ўлічыла ідэалогіі. Яе паправіў 74-гадовы камуніст

У талачынскай раёнцы «Наша Талачыншчына» днямі выйшлі ўспаміны 102-гадовай ураджэнкі вёскі Рыдомля, спаленай у вайну нацыстамі. Падчас інтэрв'ю жанчына расказвала пра ваенны час, дапусціўшы выказванне, неадпаведнае афіцыйнай ідэалогіі. Рэдакцыя газеты гэтага не заўважыла і апублікавала, але ў раёне знайшоўся пазаштатны цэнзар, звярнуў увагу тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».

02.03.2024 / 21:50

Відавочца вайны неасцярожна ўспомніла сярод іншага, што «немцы частавалі дзетак вёскі Рыдомля шакаладам і давалі кавалачкі мыла для памыўкі няшчасных».

Артыкул у такім выглядзе быў апублікаваны, а яго электронная версія з'явілася і на сайце выдання.

Але ў жыхара Талачынскага раёна 74-гадовага Мікалая Петрушэнкі з часоў вайны засталіся зусім іншыя ўспаміны. Дзеля таго ён стаў тэлефанаваць у рэдакцыю раёнкі і аддзел ідэалогіі выканкама, у выніку чаго ідэалагічна няправільныя выказванні доўгажыхаркі выдалілі з электроннай версіі артыкула. Што будуць рабіць з папяровай — пакуль не ўдакладняецца.

«Пасля майго ўмяшання ў тэкст гэтага інтэрв'ю, якое выявілася ў асабістай тэлефоннай размове з рэдактарам газеты Ігарам Васільевічам Снаравым, кіраўніком раёна старшынёй Талачынскага райвыканкама Аляксеем Міхайлавічам Лындзіным і першым намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вячаславам Васільевічам Хролам з электроннай версіі інтэрв'ю зніклі ганебныя радкі пра тое, як «немцы частавалі дзетак вёскі Рыдомля шакаладам і давалі кавалачкі мыла для памыўкі няшчасных», — пахваліўся сваімі дасягненнямі сам Петрушэнка. Таксама ён абурыўся «пазбаўленнем» магчымасці пакідаць каментары пад артыкуламі выдання.

Мікалай Петрушэнка — асоба вядомая, і не толькі ў Беларусі. На ўвесь Савецкі Саюз ён праславіўся ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, калі гэты ўраджэнец Рэчыцкага раёна быў народным дэпутатам СССР, прытым вельмі публічна актыўным. Праўда, выбіраўся ён не ад Беларусі, а ад Казахскай ССР, бо ў той час служыў там у савецкім войску, даслужыўшыся да звання палкоўніка. 

Петрушэнка быў у той час адным з твараў антыперабудовачных сілаў, прадстаўнікі якіх з трыбуны з'езда народных дэпутатаў рэзка крытыкавалі тагачаснага кіраўніка савецкай дзяржавы Міхаіла Гарбачова і яго атачэнне з кансерватыўных пазіцый, выступалі супраць нават тых вельмі непаслядоўных і палавінчатых рэформаў, якія Гарбачоў спрабаваў праводзіць. Частыя і палымяныя выступленні дэпутата ў вайсковай форме ад Казахстана, прамаўляныя з моцным беларускім акцэнтам, сталі адным са знакаў таго часу.

Пасля фіяска палітычных сілаў, якія горача падтрымліваў Петрушэнка, што мела вынікам распад Савецкага Саюза, савецкі палкоўнік не застаўся ладзіць новае жыццё ў казахстанскіх стэпах і не атабарыўся на расійскіх прасторах. Пасля звальнення з войска ён вярнуўся на радзіму ў Беларусь. Пасяліўшыся ў Коханаве пад Талачыном, адстаўны палкоўнік заняўся фермерствам, але не пакідаў і грамадска-палітычных спраў.

На дзіва, доўгі час Петрушэнка, пры ўсёй адыёзнасці сваіх поглядаў, не знаходзіў агульнай мовы з рэжымам Лукашэнкі і шмат гадоў з'яўляўся сябрам апазіцыйнай камуністычнай партыі на чале з Сяргеем Калякіным (пасля партыя «Справядлівы свет»). Таксама ён супрацоўнічаў з арганізацыяй «Наш дом», заснаванай Вольгай Карач. Актыўна публікаваўся ў мясцовай прэсе, канфліктаваў з мясцовымі ўладамі, часам нават прыцягваўся да адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці. Але ў сацсетках і іншых публічных выступленнях працягваў бараніць не толькі камуністычную ідэалогію, але і практыку савецкіх уладаў, у тым ліку здзейсненае імі ў часы сталінізму. 

Зрэшты, падзеі 2020 года канчаткова прымірылі Петрушэнку і з беларускім рэжымам. Тады ягонае прозвішча знайшлося ў злітых базах тых, хто даносіў сілавікам на мірных пратэстоўцаў. 

Чытайце таксама: 

Самы актыўны даносчык Бамбіза на выбарах заняў апошняе месца з усяго Мінска — яму намалявалі 1,999%

Даносчыцы Бондаравай намалявалі на выбарах менш за 5%

Закрыўся адзін з ананімных тэлеграм-каналаў умераных лукашэнкаўцаў

Nashaniva.com