У Брэсце затрымлівалі і экс-мэра Рагачука, і абласнога кіраўніка Шулейку
Як стала вядома «Нашай Ніве», ліпкі настрой страху і перадчування горшага распаўзаецца па будынках органаў дзяржкіравання ў Брэсце. Нават губернатар Юрый Шулейка страціў спакой і знайшоў сябе ў ролі амаль што падследнага.
03.03.2024 / 18:53
Брэст, пешаходная вуліца
Што там канкрэтна адбываецца, яснасці няма. Мы ведаем толькі абрысы гісторыі, якая пачалася ў лютым з затрымання Валянціна Зайчука, першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама.
Як кажуць суразмоўцы «Нашай Нівы», Зайчука ўзялі на адносна сціплым хабары. Што забаўна — кажуць, што грошы ён узяў расійскімі рублямі.
«Але сума не мае значэння. У нас затрымліваюць тады, калі органы ўжо назбіралі інфармацыю, што чыноўнік вырашае пытанні за грошы. І калі Лукашэнка падпіша згоду на арышт, то не мае значэння, на якой суме чыноўнікаў возьмуць.
Маецца на ўвазе, што органам насамрэч вядома пра большую колькасць эпізодаў», — расказвае логіку наш суразмоўца, які хадзіў аднымі калідорамі з актыўнымі фігурантамі цяперашняй гісторыі.
Пасля затрымання Зайчука праблемы пачаліся ў ягоных былых калег.
Суразмоўцы «Нашай Нівы» кажуць, што многія супрацоўнікі аблвыканкама ходзяць на допыты як на работу. Некаторыя «знікаюць». Некаторыя — аб'яўляюцца пасля знікнення.
Так было, напрыклад, з былым кіраўніком Брэста Аляксандрам Рагачуком.
Па словах двух інфармаваных суразмоўцаў, Рагачука выклікалі ў органы, дзе ён і знік мінімум на суткі — ацэнкі канкрэтнага часу, які экс-чыноўнік правёў у засценках, разыходзяцца.
Калі аналізаваць публікацыі ў тэлеграм-канале былога мэра, то яго затрымлівалі або на суткі паміж 1 і 2 сакавіка, або ў канцы лютага. Аднак пасля кароткага затрымання Рагачуку нібыта не выстаўлялі абвінавачванняў.
Рагачук апублікаваў здымак, каб пацвердзіць, што знаходзіцца на свабодзе
Чытайце: Учора СМІ паведамлялі пра затрыманне былога кіраўніка Брэста. Але насамрэч ён на волі
У падобнай сітуацыі знаходзіцца і непасрэдны начальнік Валянціна Зайчука, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Суразмоўцы «Нашай Нівы» звяртаюць увагу, што губернатар Брэсцкай вобласці прайшоў праз камунікацыю з органамі «па схеме Рагачука», толькі трошку раней.
Шулейка застаецца не толькі на волі, але і пры пасадзе. Прынамсі, пакуль што.
Юрый Шулейка
Імёны больш дробных фігур гэтай гісторыі нам пакуль невядомыя. Вядома, што сярод іх ёсць камерсанты.
Чытайце таксама:
Супрацоўнікі буйных холдынгаў і заводаў затрыманыя за карупцыю пры закупках на біржы