Акцёру Міхаілу Яфрэмаву ўхвалілі ўмоўна-датэрміновае вызваленне

Расійскі акцёр Міхаіл Яфрэмаў, які адбывае тэрмін зняволення ў калоніі за дарожна-транспартнае здарэнне, што прывяло да смерці, можа быць вызвалены ўмоўна-датэрмінова. Пра гэта паведаміў агенцтву ТАСС старшыня Грамадскай назіральнай камісіі Масквы Георгій Волкаў.

04.03.2024 / 19:13

Паводле Волкава, хадайніцтва Яфрэмава пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне было ўхваленае адміністрацыяй калоніі ў Белгарадскай вобласці, дзе ён адбывае пакаранне. Канчатковае рашэнне пра датэрміновае вызваленне акцёра павінен будзе вынесці суд, дата якога пакуль невядомая.

8 чэрвеня 2020 года Міхаіл Яфрэмаў трапіў у аварыю ў Маскве. Ягоны аўтамабіль урэзаўся ў фургон, кіроўца якога памёр у бальніцы ад атрыманых траўмаў. Як паказала экспертыза, акцёр сеў за руль п’яным.

У верасні 2020 года суд прыгаварыў Яфрэмава да васьмі гадоў калоніі. Пазней гэты тэрмін быў скарочаны да сямі з паловай гадоў, бо акцёр кампенсаваў маральную шкоду сваякам загінулага. Гэтая справа, улічваючы вядомасць Міхаіла Яфрэмава, выклікала вялікі грамадскі рэзананс.

Чытайце таксама:

Расійскага акцёра Міхаіла Яфрэмава прысудзілі да васьмі гадоў калоніі

Акцёр Міхаіл Яфрэмаў на пасяджэнні суда прызнаў віну ў смяротным ДТЗ

Юрыст: Міхаіл Яфрэмаў знаходзіцца ў руках адваката-шарлатана

Акцёр Міхаіл Яфрэмаў пад хатнім арыштам адмовіўся ад алкаголю

Nashaniva.com