«Пяць траплянняў выпадкова не бываюць». Украінская разведка расказала дэталі знішчэння расійскага карвета «Сяргей Котаў»

Ва ўкраінскай разведцы заявілі, што сярод экіпажу карабля, які патапілі ў Крыме, ёсць загінулыя маракі.

05.03.2024 / 10:48

«Бліскучая аперацыя — і «Сяргей Котаў» гэтым разам ужо сапраўды знішчаны. Палявалі на яго не ўпершыню, і ўжо былі паспяховыя атакі, але ён змог аднавіцца пасля правядзення рамонтных работ», — распавёў прадстаўнік Галоўнай управы разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў у эфіры Радыё Свабода.

Па словах Юсава, гэта была не выпадковая атака, а даўгачасная аперацыя: «умоўна пяць прамых траплянняў [марскімі дронамі] выпадкова не здараюцца».

Як даведалася разведка, у Расіі былі планы на судны праекта 22160, да якога належыць «Сяргей Котаў». У прыватнасці, расейцы планавалі размясціць зенітна-ракетныя комплексы на караблі, ужо такія спробы былі.

У дачыненні да экіпажа сітуацыя высвятляецца. Ёсць загінулыя і параненыя, сцвярджае Юсаў. Імаверна, частка экіпажу была эвакуяваная. Вядома пра больш за 10 карэт «хуткай», якія выклікалі на найбліжэйшым участку сушы, дадалі ў ГУР.

«Сяргей Котаў» разам з крэйсерам «Масква» ўдзельнічаў у нападзе на востраў Змяіны ў лютым 2022 года.

Чытайце таксама:

Украінцы ўдарылі ў Чорным моры па расійскім патрульным катары «Сяргей Котаў»

Украіна за чатыры месяцы знішчыла 20% расійскага Чарнаморскага флоту — міністр абароны Вялікабрытаніі

74 загінулі, 27 параненых. З'явіліся новыя звесткі пра колькасць загінулых у выніку атакі на карабель «Новачаркаск»

Nashaniva.com