Яшчэ ў адну архіўную ўстанову прызначылі дырэктара-сілавіка
4 сакавіка новага дырэктара прадставілі калектыву Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі. Як апошнім часам вядзецца, да архіўнай справы гэты чалавек раней ніякага дачынення не меў, затое цесна звязаны з сілавымі структурамі.
05.03.2024 / 18:02
Новы дырэктар БелНДЦЭД Дзяніс Шаброў — крайні справа
Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі (БелНДЦЭД) займаецца пытаннямі забеспячэння доўгатэрміновай захаванасці і даступнасці электроннай дакументацыі. Ён уваходзіць у сістэму архіўных устаноў і падпарадкоўваецца Дэпартаменту па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі.
Дэпартамент па архівах і справаводству ў пачатку 2023 года ўзначаліў адстаўны генерал Алег Воінаў, неўзабаве пасля таго пазбавіўся пасады дырэктар БелНДЦЭД Юрый Празаровіч. І вось цяпер, амаль праз год, яму нарэшце знайшлі замену.
4 сакавіка сам Воінаў прадставіў калектыву ўстановы новага кіраўніка Дзяніса Шаброва. Пры гэтым, як адзначаецца на сайце архіўнай галіны,
«ён выказаў упэўненасць у тым, што дзейнасць Шаброва ў мінулым, ягоны жыццёвы вопыт і веды будуць садзейнічаць эфектыўнаму рашэнню задач, якія стаяць перад БелНДЦЭД».
Задачы перад БелНДЦЭД, відаць, ставяцца даволі спецыфічныя, бо перад пераходам у архіўную галіну Дзяніс Шаброў працаваў начальнікам кафедры аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Чытайце таксама:
У Нацыянальным гістарычным архіве — новы дырэктар. Ён доўгі час працаваў у КДБ