Рэжысёрка і збіральніца фальклору Воля Дземка чатыры гады змагаецца з цяжкай хваробай. Ёй патрэбна дапамога
Беларуская рэжысёрка, збіральніца фальклору і нацыянальных строяў Воля Дземка вось ужо некалькі год змагаецца з цяжкай хваробай. У мінчанкі, якая зараз жыве ў ЗША, дыягнаставалі рэдкае аўтаімуннае захворванне, якое атакуе і разбурае бялок, што ўтрымлівае клеткі скуры. І ёй цяпер вельмі патрэбна дапамога, піша Reform.by.
05.03.2024 / 23:58
Вольга Дземка. Фота: volya.weebly.com.
Пра гісторыю Вольгі раней пісалі медыя: паміж сеансамі жорсткай хіміятэрапіі за апошнія два гады Воля паспела стварыць каталог «Беларускі строй» і вялікі альбом «Традыцыйныя строі Беларусі», паўдзельнічаць у Metropolitan Fashion Week у Сіэтле з паказамі аўтэнтычных украінскіх касцюмаў калекцыі VOLYA. Аднак хвароба не хоча сыходзіць.
Вольга адзначыла ў сваіх сацсетках, што, на жаль, сеансы хіміятэрапіі не даюць чаканай рэмісіі.
«З цягам часу паступова становіцца горш. Усё больш часу ідзе на тое, каб аднавіцца пасля хіміятэрапіі— два тыдні з кожнага месяца можна проста выкрасліць, але, звычайна, больш, бо вылазяць нейкія ўскладненні, якіх ніхто не чакаў», — прызналася рэжысёрка.
У прыватнасці, адным з асноўных пабочных эфектаў працяглай імунасупрэсіўнай тэрапіі з’яўляецца страта касцяной тканкі і цяжкія інфекцыі. За апошні год Волі давялося перанесці дзве тэрміновыя стаматалагічныя аперацыі: інфекцыя праядала косць ажно да левага вока.
Тэрапія не толькі цяжкая для цела, але яна таксама суправаджаецца вялікімі рахункамі.
На шчасце, страхоўка пакрывае значную частку, пакідаючы каля 10 тысяч долараў з уласнай кішэні на хіміятэрапію і лекі. Агульны кошт экстраных стаматалагічных аперацый склаў каля 12 тысяч долараў.
Каб дапамагчы Вользе Дземка справіцца з гэтымі выдаткамі, аб’яўлены новы збор.
Дзяўчына канстатуе, што хоча трапіць на эксперыментальную тэрапію, бо больш метадаў у яе пакуль не засталося.
Нагадаем, што Вольга Дземка — складальніца вялікай калекцыі беларускіх нацыянальных строяў, якую збірала на працягу 10 гадоў, купляючы элементы адзення ў розных людзей. Яна зняла дакументальную стужку «Песні старой Еўропы» пра беларускія народныя песні — у фільм яна ўкладала, у тым ліку, уласныя сродкі. Альбом «Традыцыйныя народныя строі», створаны Вольгай, гэта яшчэ адзін крок на шляху да музея беларускай традыцыйнай культуры, які дзяўчына марыць адкрыць у Сіэтле.
«Усё беларускае — гэта патрэба сэрца. Калі яно не робіцца, значыць трэба рабіць, калі яго няма — значыць трэба ствараць», — лічыць беларуска.
Падтрымаць мужную Вольгу Дземка можна тут.
Чытайце таксама:
Калекцыю аўтэнтычных строяў Волі Дземкі пакажуць на Metropolitan Fashion Week у Лос-Анджэлесе
Беларуска з Сіэтла выдала новы каталог беларускіх традыцыйных строяў. Паглядзіце на гэту прыгажосць