Ціханоўская сустрэлася з прэм'ерам Балгарыі

Падчас працоўнага візіту ў Сафію беларуская дэмакратычная лідарка сустрэлася з прэм’ер-міністрам Балгарыі Нікалаем Дэнкавым, які выказаў спадзяванне на шчыльнае супрацоўніцтва паміж краінай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

06.03.2024 / 13:00

Святкана Ціханоўская і Мікалай Дэнкаў. Фота: ОСЦ

Адна з ключавых мэтаў візіту — аднавіць адносіны, якія зруйнаваў рэжым Лукашэнкі. Святлана Ціханоўская запрасіла Балгарыю далучыцца да групы сяброў Беларусі ў АБСЕ, а таксама падтрымаць працу Кантактнай групы ў Радзе Еўропы, паведамляе яе прэс-служба.

Апорнай тэмай дыялогу стала пагроза незалежнасці Беларусі з боку Расіі і саўдзел рэжыму ў вайне. Бакі абмеркавалі шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці: лідарка распавяла, што каманда НАУ сабрала доказы, неабходныя для пачатку расследавання. Яны былі перададзеныя ў ААН на мінулым тыдні.

Асаблівую ўвагу Святлана Ціханоўская надала палітвязням — і падкрэсліла: неабходныя тэрміновыя крокі па іх вызваленні, асабліва тых, хто знаходзіцца ў гуманітарным спісе і ў рэжыме інкамунікада (інфармацыйная ізаляцыя).

Так супала, што ўчора Мікалай Дэнкаў падаў заяву аб адстаўцы ўрада ў адпаведнасці з дамоўленасцю двух найбуйнейшых парламенцкіх блокаў, паміж якімі ў апошнія тыдні з'явіліся ўсё больш прыкметныя рознагалоссі.

Ратацыя ўрада Дэнкава — частка дамоўленасці паміж блокамі ГЕРБ (Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі) і «Працягваем змены — Дэмакратычная Балгарыя» («ПІ-ДБ»), дасягнутых у чэрвені 2023 года пасля пятых за некалькі гадоў датэрміновых выбараў, якія паглыблялі палітычны крызіс у краіне.

Урад прадстаўніка «ПІ-ДБ» Дэнкава, паводле дамоўленасці, павінен быў прапрацаваць дзевяць месяцаў, пасля чаго ён павінен быў перадаць сваю пасаду віцэ-прэм'еру і міністру замежных спраў Марыі Габрыэль, якую намінаваў ГЕРБ, а сам — узначаліць Міністэрства адукацыі.

Але ў апошнія месяцы ў балгарскіх СМІ пастаянна пачалі з'яўляцца спекуляцыі на тэму ратацыі ўрадаў, а супярэчнасці паміж абедзвюма палітычнымі сіламі нарасталі.

Тым не менш галасаванне за адстаўку цяперашняга ўрада і прызначэнне новага ў парламенце Балгарыі павінна адбыцца да канца гэтага тыдня.

Nashaniva.com