Прарасійскі актывіст Агафонаў збірае грошы, каб расплаціцца з адвакатам карэспандэнткі АНТ
Кажа, што міравое пагадненне падпісалі, але заплаціць амаль 4000 рублёў усё ж трэба.
06.03.2024 / 18:40
Скончыўся судовы працэс паміж прарасійскім актывістам Арцёмам Агафонавым і маскоўскай карэспандэнткай АНТ Святланай Карульскай. Агафонаў расказвае, што вынікам стала баявая нічыя, але ў выніку просіць грошы ў падпісчыкаў. Як так сталася?
Арцём Агафонаў нарадзіўся і вырас у Казахстане. Урэшце прыехаў у Беларусь, стаў актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Аднак пасля захопу Крыма рашуча падтрымаў расійскую агрэсію і абазначыў выразныя антыбеларускія пазіцыі.
Перадгісторыя змагання простая — Агафонаў напісаў на сайце «Палітнавігатар» артыкул, у якім назваў Святлану Карульскую «сістэмнай нацыяналісткай». Яна пакрыўдзілася і падала ў суд.
Спачатку Агафонаў распушыў пёры. «Увогуле я судоў не баюся. Я суды люблю. Калі атрымліваю павестку, прачынаецца прафесійны азарт. Асабліва калі маю рацыю», — пісаў актывіст у сваім тэлеграм-канале.
Пасля першага ж паседжання абароты істотна збавіліся. «У артыкуле [я] дапусціў ілжывае сцвярджэнне, што яна адчувае нянавісць да воінаў СВА. Натуральна, гэта сцвярджэнне выклікала яе апраўданы гнеў. У рэальнасці яна была на Данбасе, рабіла адтуль кампліментарныя ў дачыненні да расейскіх войскаў матэрыялы і наогул занесеная за гэта на «Міратворац». Прыношу прабачэнні», — апраўдваўся Агафонаў.
І вось адбылося фінальнае паседжанне. Працэс скончыўся міравым пагадненнем, але Агафонаў больш не адчувае сябе пераможцам — трэба плаціць грошы. Адвакат Карульскай узяў за свае паслугі 3750 рублёў, і цяпер гэтую суму павінен кампенсаваць менавіта Агафонаў. І яшчэ зверху 120 рублёў пошліны.
Грошай няма, таму актывіст просіць дапамогі ў чытачоў. Цікава, што просіць пералічваць грошы на расійскую картку. А калі ахвяруюць больш за патрэбнае, абяцае пералічыць на патрэбы Данбаса.
Але Агафонаў усё адно не здаецца і збіраецца працягваць барацьбу: «Зразумела, што прымірэнне [з Карульскай] не азначае прымірэнне з нацыяналістамі незалежна ад ступені іх сістэмнасці».
«Так, Агафоныч, а ўсё ж паймелі цябе. Як ні круці», — напісаў актывісту падпісчык. «А ты не круці», — адказаў Агафонаў. «Не засудзілі, але засадзілі. Па самыя памідоры. У тваёй асобе прайграў увесь рускі свет», — працягнуў той самы падпісчык.
Чытайце таксама:
У «рускамірнай» сталіністкі Эльвіры Мірсалімавай працягваюцца прыгоды
Даносчыцы Бондаравай намалявалі на выбарах менш за 5%
«Не раз намякалі «актывістцы» спыніць беларусафобію». Азаронак абрынуўся на Мірсалімаву