Канфлікт паміж двума беларускімі апазіцыянерамі, Сергіевічам і Камісаравым, можа дайсці ў Польшчы да крыміналкі

Інфармацыя пра канфлікт з'явілася на рэсурсах, звязаных з блогерам Віталём «Вірусам» Кандраценкам. Мы паспрабавалі зразумець, у чым палягае канфлікт.

09.03.2024 / 12:00

Зміцер Сергіевіч і Аляксандр Камісараў (злева направа). Фота Змітра — з ягонага тэлеграма, фота Аляксандра — з асабістага архіву

Блогер «Вірус» расказаў пра гэтую гісторыю ў канцы студзеня 2024 года. Па ягоных словах, «байполавец» Аляксандр Камісараў збіў адміністратара канала «Стоп Лука» Змітра Сергіевіча.

Скрыншоты з канала Віталя Кандраценкі

«Стоп Лука» — гэта сетка некалі буйных супольнасцяў, якія існавалі пад брэндам «Надакучыў нам гэты Лукашэнка», а пасля змянілі назву.

Сяргей Бяспалаў распавёў «Нашай Ніве», што Зміцер Сергіевіч выйшаў з першапачатковага праекта і вядзе ўласнае адгалінаванне. Праект, якім займаецца Сергіевіч, мае 100 падпісантаў у тэлеграме. Таксама за ім засталася група ў Аднакласніках і Фэйсбуку (у першапачатковай версіі мы не заўважылі астатнія сацсеткі той часткі праекта STOP LUKA, якім займаецца Зміцер — заўв. НН). Аляксандра Камісарава ён ніколі ў жыцці не бачыў, таму пра сітуацыю нічога расказаць не можа.

Пасля гісторыя атрымала працяг: супраць Аляксандра Камісарава нібыта завялі крымінальную справу. Мужчына на волі, таму мы запыталіся, што адбылося і як ён бачыць сітуацыю:

«Я не супрацоўнік «Байпола» і ніякага дачынення да міліцыі ніколі не меў.

Гэта выключна бытавы канфлікт, асабісты. Я разышоўся з жонкай, і яна цяпер разам са Змітром. І ўсё было б проста, каб у нас не было агульнага дзіцяці і нацягнутых адносінаў. Таму аніякага палітычнага складніка я тут не бачу, хоць шмат у чым нашы пазіцыі сапраўды разыходзяцца.

Наколькі я разумею польскія законы, крымінальнай справы супраць мяне цяпер няма. Зміцер сапраўды падаў заяву. Адкрытая вытворчасць, бо такі механізм працы паліцыі ў Польшчы — калі ёсць заява, то адкрываецца справа. Але я не праходжу ў статусе абвінавачанага, следчых дзеянняў не адбываецца, сведак не выклікалі. Здаецца, гэта нічым не скончыцца, бо пашкоджанняў Зміцер не атрымаў.

У Зміцера можа быць іншае бачанне гісторыі, вядома. Таму паспрабуйце пагутарыць яшчэ і з ім», — прапанаваў Аляксандр.

На жаль, з другім удзельнікам гэтай гісторыі, Змітром Сергіевічам, пагутарыць не атрымалася.

Ён выставіў журналісту «Нашай Нівы» ўмову — прыехаць у Беласток, дзе Сергіевіч запіша гутарку на відэа з тварам журналіста. А калі яму не спадабаецца публікацыя, то выкладзе гутарку ў публічны доступ. Вядома, што на такія ўмовы мы не пагадзіліся — факт працы на «экстрэмісцкае фарміраванне» пагражае журналісту «НН» завядзеннем крымінальнай справы і пераследам сваякоў у Беларусі.

Скрыншоты перапіскі журналіста «Нашай Нівы» і Змітра адразу пасля звароту былі апублікаваныя ў канале Кандраценкі — OSINT «Фенікс», а з яго перакачавалі ў беларускія праўладныя каналы.

Чытайце таксама:

Вялікая гутарка з ютуб-блогерам Вірусам — пра Ціханоўскую, Карач, Макара і сыход з «Радыё-97»

«Байпол» выклаў сваю версію расколу арганізацыі: спецслужбы, «штаб супраціву», Балкунец і Цапкала

Пра забойства Стрыжака і Кулажанку, Карач і Ціханоўскую, свой фонд і аплату крэдытаў сілавікам. Вялікае інтэрв'ю Ігара Макара

Nashaniva.com