«Адзначацца будзеш кожны дзень». Як міліцыянты назіраюць за былымі палітвязнямі
Правілы нагляду за тымі, хто вызваліўся з месцаў зняволення, апісаныя ў адпаведных законах. На практыцы іх часта парушаюць.
07.03.2024 / 12:31
Фота: Радыё Свабода
Былы палітвязень Сяргей пасля вызвалення вярнуўся ў родны горад. Ён кажа, што гэта не вяртанне ў былое жыццё, а новыя выпрабаванні. Паводле слоў Сяргея, маральна яму не менш цяжка, чым матэрыяльна, піша Радыё Свабода.
«На працу не магу ўладкавацца праз мой «экстрэмісцкі« артыкул. Працадаўцы цяпер робяць запыт у органы, пытаюцца там, дазволена чалавека браць на працу ці не дазволена. А ў палітычных амаль ува ўсіх «экстрэмісцкія« артыкулы, і дазволу не даюць», — кажа Сяргей.
Ён скардзіцца таксама, што з той жа прычыны не можа вяртаць крэдыт, не можа аформіць заробкавую карту. Нават купіць сімку для яго вялікая праблема. А яшчэ экс-палітвязня прымушаюць штодня хадзіць у міліцыю.
«Загадалі хадзіць да інспектара і адзначацца кожны дзень. Сказалі, што калі ўладкуюся на працу, дык можна будзе адзначацца раз на месяц, а як уладкавацца? Вось такое замкнёнае кола — проста ў адчаі», — прызнаецца Сяргей.
Свае сапраўдныя імя і прозвішча малады чалавек просіць не агалошваць, яны ёсць у рэдакцыі.
Былыя палітвязні, якія з'ехалі з Беларусі і не баяцца сябе называць, словы Сяргея пацвярджаюць. Леў Антанюк адбыў за кратамі 1,5 года паводле палітычнага 342 артыкулу. Ён кажа, што таксама ведае выпадкі, калі пасля вызвалення экс-палітзняволеныя мусяць адзначацца не тое што кожны тыдзень, а штодня.
«Так робяць, калі перапынак у працы. А бывае, што і адразу прызначаюць — адзначацца штодня, пакуль не знойдзе працу. Адзінага падыходу няма. У кагосьці штомесяц, у кагосьці штотыдзень, у кагосьці штодзень. Залежыць ад падыходу кіраўніцтва адпаведнага РАУС», — расказаў Леў Антанюк.
Сам ён адзначаўся ў інспекцыі раз на тыдзень. Але лічыць, што і гэта прызначылі незаконна.
«Паводле закону, прэвентыўны нагляд — для тых, у каго цяжкае злачынства. Ім даюць шэраг абмежаванняў: адзначацца ў інспекцыі, быць дома ў пэўны час, не наведваць масавых мерапрыемстваў.
А для такіх, як я, яны прыдумалі іншае — прафілактычны нагляд схільнага да гэтак званай «экстрэмісцкай дзейнасці», які павесілі на мяне яшчэ да суда, у СІЗА, хоць гэта быў унутраны «прафілактычны ўлік» і ён не павінен быў распаўсюджвацца ні на калонію, ні на жыццё на свабодзе. Але ж у нас «не да законаў», — кажа Леў Антанюк.
Былы палітвязень мяркуе, што пад прафілактычны нагляд яго паставілі незаконна, бо 342-і артыкул, які яму інкрымінавалі, — пра «менш цяжкае злачынства», і пасля адбыцця пакарання ніякага нагляду ня мусіць быць увогуле.
Уцякач Аляксей Гайшун таксама лічыць, што міліцыянты, прызначаючы былому вязню адзначэнне ў пастарунках, кіруюцца ня нормамі закону, а ўласнымі інтарэсамі і меркаваннямі.
«Я хадзіў адзначацца раз на тыдзень — мне такі парадак вызначылі, як зарэгістраваўся ў міліцыі пасля вызвалення. Выбраў суботу. Там міліцыянты не спяшаюцца, таму даводзіцца чакаць доўга. Быў там адзін маёр, дык той загадваў іншым хадзіць кожны дзень. Шараговым міліцыянтам гэта дадае працы, але яны гатовыя яе выконваць. Не дзіўлюся, што такіх, як той маёр, не адна сотня ў краіне», — мяркуе Аляксей.
Паводле былога палітвязня, з свавольствам міліцэйскіх начальнікаў былыя зэкі не змагаюцца, бо «сабе даражэй».
«Перыядычнасць адзначэння можа залежаць і ад участковага інспектара. Ён у сваіх справаздачах напіша, як трэба паводле закону, але насамрэч зробіць што захоча. А былыя вязні міліцыянтаў усё ж баяцца, таму не пярэчаць», — расказаў Аляксей Гайшун.
«Прафілактычны ўлік у адносінах да грамадзянкі»
У праваабарончым цэнтры «Вясна» патлумачылі, што прэвентыўны нагляд за былым вязнем уводзяць паводле 80 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Але гэта робіцца толькі для асобаў, якія здзейснілі цяжкае ці асабліва цяжкае злачынства, і для рэцыдывістаў. Згодна з часткай 7, пунктам 3 гэтага артыкулу асоба, якой суд прызначыў прэвентыўны нагляд, абавязана зʼяўляцца ў орган унутраных справаў для рэгістрацыі ад аднаго да чатырох разоў на месяц.
Што да прафілактычнага нагляду, ён абумоўлены 81 артыкулам Крымінальнага кодэксу, а больш дэталёва распісаны ў законе «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», прынятым у 2014 і адрэдагаваным у 2022 годзе. Паводле артыкулу 29 гэтага закону, прафілактычныя захады праводзяць адзін раз на месяц, аднак кіраўнік адпаведнага органу ці ягоны намеснік маюць права прызначыць іншую перыядычнасць.
Былая палітзняволеная Юлія, якая працягвае жыць у Беларусі і па вызваленні пэўны час заставалася пад прафілактычным наглядам, сцвярджае, што дасканала вывучыла законы што да прэвентыўнага і прафілактычнага нагляду.
Паводле слоў Юліі, асоба, над якой уведзены нагляд, мае права азнаёміцца з рашэннем у інспектара — у тым ліку і каб мець магчымасць яго абскардзіць. Аднак асабіста ёй дамагчыся гэтага ніводнага разу не ўдалося.
«Ведаю, што пра мяне была фармулёўка «ажыццяўляць прафілактычны ўлік у адносінах да грамадзянкі…». Гэта азначае, што супрацоўнікі маюць наведваць мяне дома і я маю прыходзіць у РАУС адзін раз на месяц. Але мяне выклікалі кожны тыдзень і да мяне прыязджалі раз альбо і два разы на тыдзень. А на ўсе мае скаргі і запыты адказ быў такі: «Для вас намеснік начальніка РАУС вызначыў перыядычнасць раз на тыдзень». Аднак дакумента, якім гэта вызначылі, ніводнага разу не паказалі», — расказала Юлія.
Чытайце таксама:
Бунт у 2020-м, уцёкі зняволеных. Чым вядома калонія ў Бабруйску — самая вялікая ў Беларусі
Вошы, блохі, прусакі, пацукі. Хто жыве ў беларускіх турмах разам з вязнямі