Пятро Пятроўскі: Трэба ўводзіць крымінальную адказнасць за нацыяналізм і лібералізм
Чым ён незадаволены і як аргументуе?
07.03.2024 / 19:38
Прапагандыст Пятро Пятроўскі ў сваім тэлеграм-канале адрэагаваў на збор грошай, які арганізаваў прарасійскі актывіст Арцём Агафонаў.
Пятроўскі напісаў допіс, у якім выказаў незадаволенасць тым, што ў Беларусі пасля 2020-га года «патокі заходніцтва і еўрапейства хоць і скараціліся, але і не зніклі».
На яго погляд, калі раней «заходніцтва і еўрапейскасць лезлі ў Беларусь з ЕС», то цяпер актывізаваліся «новыя цэнтры з усходу, з Масквы», праз якія здзяйсняюцца данаты і зборы сродкаў ахвярам рэжыму на пакрыццё штрафаў.
Пятроўскі прапануе шэраг мер, накіраваных на спыненне такой практыкі. І яны вельмі радыкальныя. На погляд прапагандыста, надышоў час уводзіць крымінальную адказнасць за падобныя зборы сродкаў, а таксама зрабіць максімальна празрыстай сістэму рахункаў у рамках Саюзнай дзяржавы, каб разабрацца, хто канкрэтна пакрывае штрафы.
Але на гэтым ён не спыняецца і заклікае ўвесці крымінальную адказнасць за «нацыяналізм і лібералізм любой масці: беларускі, рускі, польскі ці хоць габонскі».
На погляд Пятроўскага, «прапаганда і папулярызацыя гэтых ідэалогій вядзе да майданаў, плошчаў, міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варожасці». Таму «ўсё гэтае заходніцтва і еўрапейства павінна быць забаронена».
Чытайце яшчэ:
Азаронак з Пятроўскім даказвалі, чым сілавікі карыснейшыя за праграмістаў, не абышлося без істэрыкі
Азаронак і Пятроўскі: Нам трэба чырвона-карычневая Расія. Абы не было вайны — гэта лозунг для жанчын