18-гадовы немец напісаў на землякоў 4227 даносаў
Ніклас Матэі з горада Грэфенхайніхен называе сябе ў сацсетках «майстрам даносаў». 18-гадовы хлопец патрулюе горад на ровары ў яркім святлоадбівальным касцюме і шукае тых, хто парушае правілы паркоўкі. Ён тут жа робіць фота на смартфон і паведамляе пра парушальнікаў паліцыі, піша Bild.
07.03.2024 / 19:10
У родным мястэчку Ніклас данёс ужо на 8% жыхароў, праз што ўвесь час сутыкаецца з абразамі і агрэсіяй. Амаль усе апытаныя мясцовыя жыхары рэзка раскрытыкавалі даносчыка. Але той кажа, што яму «чужы страх».
За мінулы год Матэі напісаў 4227 заяў аб няправільнай паркоўцы, агульная сума накладзеных па ягоных даносах штрафаў склала 140 000 еўра. Пры гэтым хлопец не дае спуску і чыноўнікам, пільна сочачы за тым, як яны выдаткоўваюць гэтыя сродкі. Ён не баіцца прыдзірацца і да паліцыі: нядаўна ён даў дыхту патрульным за тое, што нумар іх машыны быў брудным.
Цяпер юнак выходзіць у сваёй дзейнасці і за межы горада. Ягоная мэта — выкрыць хоць бы па адным парушальніку па ўсёй Германіі. Нядаўна ў горадзе Хемніц ён данёс нават на вядомага нямецкага рэпера Фінча.
Бургамістр Грэфенхайніхена Энрыка Шылінг вельмі незадаволены хлопцам. На штогадовым карнавале ён напісаў плакат, які высмейвае даносчыка: «У мастака ёсць клейстар / А ў [Графен]хайніхена — данос-хаўптмейстар!»
Па словах чыноўніка, тысячы скаргаў Матэі паралізуюць працу паліцыі. Акрамя таго, ён сее варажнечу сярод гараджан. Некаторыя з іх ужо звярнуліся са зваротнымі скаргамі на юнака. «Такія выхадкі нельга цярпець. Мы разглядаем усе прававыя меры, — сказаў Bild мясцовы бургамістр. — Я мару, каб яго асаблівая адоранасць знайшла сабе іншую сферу прымянення».
Энрыка Шылінг прывёў некалькі прыкладаў найбольш, на ягоную думку, абсурдных даносаў Матэі:
«Аднойчы ён патэлефанаваў у пажарную часць, таму што на вуліцы ляжаў сук дрэва. На месцы аказалася, што там была галінка, якую пажарнікі змаглі адкінуць з дарогі нагой».
Іншым разам Матэі патэлефанаваў у паліцыю, таму што сусед пыласосіў днём у гадзіны, адведзеныя для адпачынку. Затым ён паведаміў у паліцыю пра «масавае парушэнне грамадскага парадку», паколькі сям'я па суседстве смажыла шашлыкі ў сваім садзе і ўключыла радыёпрыёмнік.
Нядаўна «майстар даносаў» паведаміў пра трывожны сігнал дэтэктара дыму. На месца прыбылі два пажарныя разлікі. Высветлілася, што гэта быў разбураны дом, які падлягае зносу, ніякага пажару не было.
«Аднойчы Ніклас праехаў на ровары некалькі колаў па кальцавой развязцы, — расказаў таксама Шылінг. — Толькі каб дачакацца, пакуль кіроўца прапусціць яго, каб ён мог пра гэта данесці».
У Германіі саступіць дарогу правабаковаму ўдзельніку руху — парушэнне правілаў.
Чытайце таксама:
Самы актыўны даносчык Бамбіза на выбарах заняў апошняе месца з усяго Мінска — яму намалявалі 1,999%
Даносчыцы Бондаравай намалявалі на выбарах менш за 5%
«Замах на маю сям'ю!» Ідэолаг з «Белай Русі» просіць абараніць яе ад Бондаравай