Магчымая прычына адыёзных пастоў Мядзведзева адначасова хрэстаматыйная і анекдатычная
Журналісты The Insider знайшлі дзіўнае падабенства ў часе паміж датамі напісання гнеўных пастоў Дзмітрыя Мядзведзева і датамі паставак яму з Італіі элітнага алкаголю ў абыход санкцый. Падобных супадзенняў налічылася як мінімум пяць.
09.03.2024 / 20:40
Дзмітрый Мядзведзеў. Фота: Contributor / Getty Images
Новае расследаванне выдання The Insider раскрыла магчымую прычыну залішняй агрэсіўнасці намесніка старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрыя Мядзведзева ў сацсетках.
Як выявілася, адыёзныя пагрозы Мядзведзева «ворагам Расіі» і ўсяму свету дзіўным чынам звязаныя з таемнымі пастаўкамі яму алкаголю з Італіі, а менавіта з італьянскіх вінаграднікаў самога Мядзведзева, пра якія ўпершыню загаварыў яшчэ Аляксей Навальны ў расследаванні «Ён вам не Дзімон» 2017 года.
The Insider высветліў, што даты як мінімум пяці такіх паставак з Італіі папярэднічалі пяці гнеўным публікацыям Мядзведзева ў тэлеграме (разбежка была ад аднаго да трох дзён у залежнасці ад велічыні паставак).
Пастаўлялася і дагэтуль пастаўляецца віно ў Расію праз сетку пасярэднікаў, зарэгістраваных у розных краінах, уключаючы Кіпр і Латвію, а таксама пры ўдзеле расійскага прадпрымальніка Ільі Елісеева, блізкага сябра і былога аднакурсніка Мядзведзева, які па дакументах якраз і валодае вінаробчым прадпрыемствам палітыка ў Таскане (Італія).
Елісееў і яго маёмасць знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Украіны, Новай Зеландыі, але дагэтуль не Еўрасаюза, што дазваляе прадпрымальніку свабодна кіраваць італьянскім прадпрыемствам Мядзведзева і працягваць пастаўляць таму элітнае віно, адзначае The Insider.
Даты таемных паставак італьянскага віна Мядзведзеву і даты публікацый адыёзных пастоў у тэлеграме палітыка. Крыніца: The Insider
Ілья Елісееў, блізкі сябар і былы аднакурснік Дзмітрыя Мядзведзева, які кіруе вінаробчым прадпрыемствам і вінаграднікамі палітыка ў Італіі (адтуль і ідуць пастаўкі віна асабіста Мядзведзеву). Фота: «Коммерсантъ»
Журналісты The Insider з прычыны ўсіх гэтых дзіўных супадзенняў выказалі здагадку, што ўнясенне Елісеева і вінаграднікаў Мядзведзева ў спіс санкцый ЕС магло б знізіць узровень таксічнасці палітыка ў сацыяльных сетках.
Аднак, як падкрэслівае выданне, у Мядзведзева ёсць яшчэ адно вінаробчае прадпрыемства ў Краснадарскім краі, якая вырабляе 150 тысяч бутэлек віна ў год.
Таму Мядзведзеў без алкаголя і агрэсіўных пастоў у тэлеграме дакладна не застанецца.
Чытайце таксама:
«Не Доктар Зло, а Міні Мы». Што за ўніформа на Дзмітрыі Мядзведзеве
Эксперт патлумачыў мэты радыкальных выказванняў Дзмітрыя Мядзведзева