Мінспорту прапануе правяраць экскурсаводаў на датычнасць да «рэабілітацыі нацызму» і «адмаўлення генацыду»
Міністэрства спорту і турызму Беларусі прапануе чарговы раз змяніць патрабаванні па атэстацыі экскурсаводаў. Ведамства ініцыявала грамадскае абмеркаванне зменаў у пастановы Савета міністраў, якія рэгулююць экскурсійны бізнес, піша Sputnik.
12.03.2024 / 20:10
Мемарыял у Хатыні. Фота: Wikimedia Commons
Міністэрства завастрае ўвагу на неабходнасць яшчэ большага ўзмацнення ідэалагічных патрабаванняў да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў:
«Гэтыя асобы ў сілу сваіх прафесійных і этычных патрабаванняў абавязаныя праяўляць павагу да гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, таксама як фарміраваць уяўленне пра Рэспубліку Беларусь як пра краіну, прывабную для турыстаў і экскурсантаў, не дапускаючы суб'ектыўных некарэктных выказванняў пра краіну», — гаворыцца ў абгрунтаванні зменаў.
Акрамя таго, прапануецца пашырыць спіс крымінальных злачынстваў, на дачыненне да якіх правяраюць тых, хто хоча атэставацца як экскурсавод або гід-перакладчык. У пералік хочуць уключыць артыкулы 130-1 і 130-2 Крымінальнага кодэкса Беларусі (рэабілітацыя нацызму і адмаўленне генацыду беларускага народа).
«Гэтыя меры накіраваныя на прафілактычную працу з экскурсаводамі і гідамі-перакладчыкамі і закліканыя ўзмацніць іх адказнасць у мэтах недапушчэння скажэння фактаў гісторыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны», — тлумачыць Мінспорту.
За парушэнне патрабаванняў прапануецца пазбаўляць экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў права працаваць у гэтай сферы на пяць гадоў.
Чытайце таксама:
Турбізнэс наракае, што з-за дзяржаўных абмежаванняў яму не хапае экскурсаводаў
У Карэлічах арыштавалі экскурсавода Юрыя Красоўскага. Для яго гэта ўжо чацвёрты раз