Два афганцы падаліся на бежанства ў Еўропе, але пасля ім закарцела ў Беларусь
У польскай Гайнаўцы мясцовыя памежнікі затрымалі двух грамадзян Афганістана, якія мелі намер нелегальна перайсці польска-беларускую мяжу, хоць да гэтага паспяхова падалі дакументы на бежанства ў краінах Заходняй Еўропы.
12.03.2024 / 21:37
9 сакавіка паліцэйскі патруль спыніў для кантролю аўтамабіль Opel на польскіх нумарах. За рулём знаходзіўся 30-гадовы ўкраінец, а ягонымі пасажырамі былі двое афганцаў 23 і 24 гадоў. Кіроўца растлумачыў, што забраў іх у Берліне і павінен быў давезці да польска-беларускай мяжы.
Выкліканыя памежнікі высветлілі, што адзін з афганцаў перад тым запытаў міжнародную абарону ў Германіі, а другі — у Аўстрыі. Пакуль іх справы разглядаліся, яны не маглі нікуды перамяшчацца за межы гэтых краін нават па тэрыторыі Еўрасаюза, а тут збіраліся нелегальна перайсці мяжу і трапіць у Беларусь.
Але, як ні дзіўна, апошнім часам гэта не адзінкавы падобны выпадак, зафіксаваны польскімі памежнікамі. Яны мяркуюць, што мігранты вяртаюцца ў Беларусь, каб дапамагчы трапіць у Еўрасаюз іншым сваім суайчыннікам.
Цяпер па рашэнні суда грамадзяне Афганістана адпраўленыя ў цэнтр для мігрантаў у Беластоку, а ўкраінец павінен будзе пакінуць не толькі Польшчу, але і на пяць гадоў усю шэнгенскую зону.
Чытайце таксама:
Латвія скардзіцца, што на яе мяжы з Беларуссю зноў актывізаваліся мігранты