«Фантазія беларускіх органаў бязмежная». Літоўская амбасадарка расказала пра сітуацыю з літоўцам, які памёр у беларускай турме

Пасля паведамлення пра смерць грамадзяніна Літвы ў беларускай турме амбасадарка краіны па асобых даручэннях Аста Андрыяўскене паведаміла, што літоўскі бок неаднаразова слаў запыты на сустрэчу з ім. Аднак беларускія ўлады ўрэшце далі адказ, што арганізаваць сустрэчу немагчыма, паколькі чалавек памёр, піша Delfi.lt.

12.03.2024 / 23:20

«Грамадзянін Літвы быў затрыманы летась, у канцы снежня, на літоўска-беларускай мяжы. Амбасада атрымала інфармацыю пра гэта ў студзені і, вядома, мы адразу ж запыталі сустрэчу з гэтым грамадзянінам Літвы. Мы шмат разоў пісалі, прасілі, звярталіся з нагоды сустрэчы. Паколькі нам яе не далі, мы напісалі яшчэ адну ноту», — заявіла на адмыслова скліканай прэс-канферэнцыі ў аўторак амбасадарка Літвы па асаблівых даручэннях у Беларусі Аста Андрыяўскене.

Урэшце, па яе словах, літоўскім ведамствам быў дадзены адказ, што сустрэча з затрыманым немагчымая, паколькі ён памёр.

«У адказ на такую інфармацыю, несумненна, мы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве і папрасілі яго даць інфармацыю пра абставіны затрымання грамадзяніна Літвы, абставіны яго смерці, прычыны яго смерці, час і ўсю астатнюю інфармацыю, якой яны валодаюць», — дадала яна.

«Сёння мы атрымалі ноту МЗС Беларусі, якая пацвярджае факт і дату смерці грамадзяніна Літвы, але ніякай іншай інфармацыі пакуль не атрымалі. Таму яшчэ раз просім падаць усю інфармацыю пра абставіны здарэння», — паведаміла Андрыяўскене.

У дакуменце, прысланым беларускімі ўладамі, змяшчаецца інфармацыя, што літовец памёр у турме 9 сакавіка. Паводле звестак прадстаўніцтва, гэта быў чалавек 1953 года нараджэння, жыхар Вільні.

Па словах амбасадаркі, бываюць выпадкі, калі пра затрыманне літоўскіх грамадзян у Беларусі афіцыйна не паведамляецца, і МЗС даведаецца пра іх толькі ад занепакоеных сваякоў.

«Затрыманых грамадзян нямала і пры самых розных абставінах. Ёсць шмат выпадкаў, калі людзей затрымліваюць на 24 гадзіны, 72 гадзіны, і мы не атрымліваем ніякай афіцыйнай інфармацыі, мы атрымліваем толькі інфармацыю ад сваякоў, якія ўжо шукаюць сваіх сваякоў, што адправіліся ў Беларусь», — сказала Аста Андрыяўскене.

Але не ўсім шчасціць быць затрыманымі толькі на кароткі час: «У нас ёсць тыя, хто затрыманы на працяглы час, больш за год, але ёсць выпадкі, калі чалавек ніколі не вернецца», — дадала яна, падкрэсліўшы, што цяпер не можа падрабязна каментаваць, колькі менавіта літоўцаў затрымана ў Беларусі.

Пры гэтым, па яе словах, «фантазія беларускіх праваахоўных органаў бязмежная», таму частка абвінавачванняў, якія выстаўляюцца на адрас грамадзян Літвы, проста выдумка.

Чытайце таксама:

У Беларусі памёр затрыманы па падазрэнні ў кантрабандзе патронаў грамадзянін Літвы

Літоўскі футбаліст, які любіў Лукашэнку і сеў у Беларусі за наркотыкі, дабіўся экстрадыцыі ў Літву і не шкадуе

У Літве на мяжы з Беларуссю затрымалі першы аўтамабіль з расійскімі нумарамі. Цяпер так будуць рабіць заўсёды

Nashaniva.com