На апошняй летняй Алімпіядзе выступалі 108 атлетаў з Беларусі, на гульні ў Парыжы пакуль ёсць толькі 6 дакладных ліцэнзій

На Алімпіядзе могуць з'явіцца як спартоўцы з Беларусі, так і атлеты, якія зʼехалі за мяжу. Аднак колькасць беларусаў можа быць рэкордна нізкая.

13.03.2024 / 08:15

Фота: olympics.com

Чатыры з паловай месяцы застаецца да пачатку летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы, яны пачнуцца 26 ліпеня, але ўсё яшчэ незразумела, у якім фармаце ў іх возьмуць удзел беларускія спартоўцы, задаецца пытаннем Радыё Свабода

На дадзены момант сітуацыя выглядае так: 8 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт вырашыў дапусціць беларускіх атлетаў да ўдзелу ў Гульнях, але з абмежаваннем, што выступаць яны будуць пад нейтральным сцягам. Пры гэтым дапушчаныя толькі спартсмены, якія выступаюць у індывідуальных спаборніцтвах, але не камандных.

Да Алімпіяды дакладна не будуць дапушчаныя тыя спартоўцы, якія падтрымліваюць вайну ва Украіне, а таксама — якія маюць кантракты з вайсковымі ведамствамі. Аднак у кожным выпадку рашэнне будзе прымацца федэрацыямі відаў спорту.

Лёгкая атлетыка: усё ў тумане

Напрыклад, зусім яшчэ незразумела, ці возьмуць удзел беларусы ў самым медальным відзе Алімпіяды — лёгкай атлетыцы. Старшыня Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Себасціян Коу лічыць, што дапускаць беларусаў няма ніякай магчымасці. Але рашэнне будзе прымаць не адзін ён, а прэзідыум федэрацыі.

Для кіраўніка беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Івана Ціхана важна дабіцца, каб беларусы выступалі пад дзяржаўным сцягам.

«Паедзем ці не, будзем вырашаць самі», — казаў ён.

Па словах Ціхана, добрыя шанцы на высокія вынікі на Алімпіядзе б мелі скакун з шастом Мацей Волкаў і скакуха ў трайным скачку Віялета Скварцова.

А вось бронзавы медаліст мінулай Алімпіяды, праўладны спартовец Максім Недасекаў сказаў, што рыхтуецца ўжо да Алімпіяды-2028.

«Мне будзе 30 гадоў, самы час, каб прыгожа завяршыць кар’еру», — казаў ён.

Недасекаў выступае ў скачках у вышыню, але апошні год прапусціў праз траўму.

Дзяржаўны трэнер зборнай Ігар Сівадзедаў казаў у лютым, што на дадзены момант ёсць ужо шэсць ліцэнзій, але хочацца дагнаць гэтую лічбу да пятнаццаці.

Тэніс: Сабаленка і Азаранка

Тэніс — гэта той від спорту, дзе беларускіх спартоўцаў не адхілялі нават на самым пачатку ўварвання Расіі ва Украіну. Каб трапіць на Алімпіяду, трэба быць у топ-56 наймацнейшых спартоўцаў планеты паводле рэйтынгу.

Арына Сабаленка на сённяшні дзень займае другі радок у міжнародным рэйтынгу. Зусім неверагодна, каб яна адтуль выпала. Вікторыя Азаранка — трыццатая. Хутчэй за ўсё, і яна зможа адабрацца на Алімпійскія гульні.

Барацьба: дзве ліцэнзіі ўжо ёсць

Яшчэ адзін від праграмы, дзе разыгрываецца вельмі шмат медалёў, — барацьба На дадзены момант прайшоў толькі адзін з трох этапаў адбору на Алімпіяду. Адбывалася гэта на чэмпіянаце свету ў сербскім Бялградзе ў 2023 годзе.

Займець ліцэнзію на Парыж-2024 змаглі Ванэса Каладзінская ў вольнай барацьбе (яна была другая на чэмпіянаце свету) і «грэка-рымлянін» Абубакар Хаслаханаў (пятае месца). У красавіку і траўні будуць яшчэ два этапы адбору.

«Колькі яшчэ будзе месцаў, пакажа дыван», — казаў кіраўнік Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў.

Іншыя віды: чаканні на батут

На сённяшні момант беларускія спартоўцы заваявалі па адной ліцэнзіі ў акадэмічным веславанні, плаванні, тхэквандо і роварным спорце.

Вялікія спадзяванні ў беларускіх функцыянераў на допуск да Алімпіяды хаця б аднаго батутыста. Менавіта са скачкамі на батуце звязаныя найбольшыя поспехі беларускага спорту на апошніх Алімпіядах. У 2016 годзе залаты медаль узяў Уладзіслаў Ганчароў, а ў 2020-м — Іван Літвіновіч. Гэта былі адзіныя залатыя медалі для Беларусі на тых Алімпіядах.

Выданьне «Трыбуна» прагназуе, што ў Алімпіядзе могуць узяць удзел максымум 15—20 беларускіх спартоўцаў. Гэта пры той умове, што да Гульняў будуць дапушчаныя лёгкаатлеты.

Эмігранты: Ціманоўская, хутчэй за ўсё, паедзе

Не пакідаюць магчымасці прабіцца на Алімпіяду і тыя спартоўцы, якія пасля 2020 году выехалі з Беларусі.

Бягуха Крысціна Ціманоўская на дадзены момант выступае за зборную Польшчы. На нядаўнім чэмпіянаце Польшчы ў памяшканнях яна стала другой. Ціманоўская пакуль не выканала алімпійскі нарматыў, але можа адабрацца паводле рэйтынгу. На дадзены момант яна трапляе ў спіс.

Таксама ад Польшчы мае шанец трапіць на Алімпіяду Вольга Сафронава ў конным спорце. З Марыяй Жодзік, якая выступае ў скачках у вышыню, усё яшчэ цьмяна, бо яна пакуль не мае польскага грамадзянства.

Беларусь на ранейшых летніх Алімпіядах

1996. Атланта (ЗША). 181 атлет у 28 відах спорту. Адзін залаты медаль, шэсць срэбраных, восем бронзавых.

2000. Сіднэй (Аўстралія). 139 атлетаў у 20 відах спорту. Тры залатыя медалі, тры срэбраныя, адзінаццаць бронзавых.

2004. Афіны (Грэцыя). 151 атлет у 22 відах спорту. Два залатыя медалі, пяць срэбраных, шэсць бронзавых.

2008. Пекін (Кітай). 181 атлет у 28 відах спорту. Тры залатыя медалі, чатыры срэбраныя, шэсць бронзавых.

2012. Лондан (Вялікабрытанія). 173 атлеты ў 25 відах спорту. Два залатыя медалі, пяць срэбраных, пяць бронзавых.

2016. Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія). 124 атлеты ў 19 відах спорту. Адзін залаты медаль, чатыры срэбраныя, чатыры бронзавыя.

2020. Токіа (Японія). 108 атлетаў у 20 відах спорту. Адзін залаты медаль, тры срэбраныя, тры бронзавыя.

Такім чынам, ад Алімпіяды-2000 колькасць заваяваных Беларуссю медалёў няспынна змяншаецца.

Чытайце таксама:

МАК вырашае пытанне, ці дапускаць беларускіх спартсменаў да цырымоніі адкрыцця Алімпіяды

Прэм'ер Латвіі пра допуск беларусаў і расіян: Рашэнне аб байкоце Алімпіяды павінна быць прынята раней, чым за суткі да адкрыцця

Сабаленку і Азаранку ўсё ж дапусцяць да Алімпіяды

Беларусам дазволілі ўдзельнічаць у Паралімпіядзе ў нейтральным статусе

Беларуская скакуха паказала найлепшы вынік на чэмпіянаце Польшчы і можа паехаць на Алімпіяду

Nashaniva.com