Трамп і Байдэн перамаглі на праймерыз рэспубліканцаў і дэмакратаў. Яны будуць вылучаныя ў прэзідэнты ЗША
Апошні выпадак у гісторыі, калі адна з дзвюх вядучых амерыканскіх партый вылучала ў прэзідэнты кандыдата, які ўжо адзін раз прайграў на выбарах, меў месца ў 1968 годзе
13.03.2024 / 09:32
Фота: Фота: Evan Vucci і Chris Carlson / AP
Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і цяперашні гаспадар Белага дома Джо Байдэн перамаглі на праймерыз рэспубліканцаў і дэмакратаў, паведамляюць амерыканскія СМІ. Такім чынам яны неўзабаве будуць афіцыйна вылучаныя ў прэзідэнты ЗША ад сваіх партый — і выбары 2024 года стануць фактычным паўторам кампаніі 2020 года, калі Байдэн перамог Трампа, піша Бі-бі-сі.
Вылучэнне Байдэна ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі было фармальнасцю, паколькі дзеючы лідар краіны, які вырашыў ісці на другі тэрмін, як правіла, не сутыкаецца з сур'ёзнай канкурэнцыяй.
У рэспубліканцаў бітва за вылучэнне была цалкам сур'ёзнай, хоць Трамп з самага пачатку кампаніі меў велізарную перавагу і ў яго найбліжэйшай канкурэнткі, былой сталай прадстаўніцы ЗША ў ААН Нікі Хэйлі, амаль не было рэальных шанцаў на вылучэнне.
У аўторак рэспубліканскія праймерыз прайшлі ў чатырох штатах: у Джорджыі, на Гаваях, а таксама ў Місісіпі і Вашынгтоне.
Пасля таго, як Хэйлі выйшла з гонкі на фоне паражэнняў у «супераўторак», Трампу не хапала ўсяго 137 дэлегатаў на партыйнай канферэнцыі, якая неўзабаве афіцыйна вылучыць кандыдата ў прэзідэнты.
Як перадае ABC News, экс-прэзідэнт атрымаў неабходныя галасы пасля перамогі ў Вашынгтоне.
Апошні выпадак у гісторыі, калі адна з дзвюх вядучых амерыканскіх партый вылучала ў прэзідэнты кандыдата, які ўжо адзін раз прайграў на выбарах, меў месца ў 1968 годзе, адзначае цэнтр Pew Research. Тады рэспубліканцы вылучылі ў прэзідэнты Рычарда Ніксана, які саступіў Джону Кенэдзі на выбарах 1960 года.
А сітуацыя, пры якой тыя ж два кандыдаты зноў сустракаюцца на выбарах прэзідэнта, апошні раз адбывалася ў 1950-х. У 1952 годзе і 1956 гадах на выбарах сышліся Дуайт Эйзэнхаўэр і Эдлай Стывенсан. Абодва разы перамагаў генерал Эйзэнхаўэр.
Новы паядынак Трампа з Байдэнам стане сёмым такім выпадкам у гісторыі. Пры гэтым вынік першых чатырох «матчаў-рэваншаў» адрозніваўся ад першапачатковага, а ў апошніх двух аказваўся такім жа, як падчас першага галасавання.
Прэзідэнцкія выбары ў ЗША адбудуцца 5 лістапада 2024 года.
Калі Трамп пераможа, ён стане другім у гісторыі прэзідэнтам, які займаў кіраўнічую пасаду двойчы з пропускам у чатыры гады. У 1885—1889 і 1893—1897 гадах 22-м і 24-м прэзідэнтам ЗША быў Гровер Кліўленд.
Чытайце таксама:
Нікі Хэйлі аб'явіла аб выхадзе з выбарчай гонкі
Трамп упэўнена перамог на праймерыз у 14 штатах у «супераўторак»
Прэзідэнт Байдэн — Пуціну і Трампу: Мы не кінем саюзнікаў
Вярхоўны суд ЗША дазволіў Трампу ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта