Еўропа застаецца крыніцай павышанай небяспекі для чалавецтва — намеснік міністра замежных спраў
Юрый Амбразевіч перакананы, што еўрапейскія дзяржавы працягваюць уводзіць новыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі і іншых краін, пагаршаючы тым самым геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне.
13.03.2024 / 15:16
«Дзеянні некаторых еўрапейскіх краін малююць карціну новай жалезнай заслоны», — заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч, выступаючы на рэгіянальным форуме ЕЭК ААН па ўстойлівым развіцці ў рамках сегмента высокага ўзроўню, піша «Спутнік».
Дыпламат нагадаў пра тое, што Еўропа працягвае ўводзіць абмежаванні на транспартныя перавозкі, забароны на гандаль, выдачу віз, закрываць пункты пропуску на мяжы, абмяжоўваць банкаўскія трансакцыі і гэтак далей.
Амбразевіч таксама выказаў меркаванне, што Заходняя Еўропа сваімі дзеяннямі справакавала глабальны харчовы крызіс. Прычынай яму сталі рост коштаў на збожжа, а таксама санкцыі ў дачыненні да беларускага калію, доступу да якога пазбавіўся шэраг афрыканскіх краін.
Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі адзначыў, што 2023 год стаў рэкордным па колькасці рэгіянальных узброеных канфліктаў у свеце за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Паводле яго слоў, Еўропа застаецца арэнай глабальнага сілавога супрацьстаяння, а таксама крыніцай павышанай небяспекі для чалавецтва.
Дыпламат заявіў, што ў Мінску «цвяроза ацэньваюць абстаноўку, якая складваецца, і выбудоўваюць развіццё з апорай на партнёраў-аднадумцаў».
«Менавіта такія падыходы ў сітуацыі, калі супраць простых беларускіх людзей і прадпрыемстваў з боку большасці заходніх дзяржаў прымяняюцца забароны і абмежаванні на гандаль, на перавозкі тавараў, на перамяшчэнне людзей, дазваляюць выстаяць і не проста выстаяць, але і рухацца наперад», — сказаў Амбразевіч.
Беларускі дыпламат таксама перакананы, што Мінск ініцыятыўна не рабіў у дачыненні да заходніх краін аніводнага недружалюбнага кроку. І растлумачыў, чаму рэспубліка не ўводзіла такія меры.
«Мы не робім гэтага таму, як разумеем, што скарачэнне поля для супрацоўніцтва непазбежна вядзе да скарачэння магчымасцяў для ўнутранага развіцця. Дзіўна тое, што ўрады заходніх дзяржаў, мабыць, мяркуюць, што, пазбаўляючы сваіх грамадзян магчымасці супрацоўнічаць з Беларуссю, яны нясуць ім карысць», — канстатаваў намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Ён дадаў, што эканамічныя вынікі Беларусі ў 2023 годзе дэманструюць правільна абраны палітычны курс кіраўніцтва.
За мінулы год айчынная эканоміка вырасла на 3,9% — у разы вышэй, чым у сярэднім у Еўрасаюзе.
«У Беларусі перакананыя, што толькі зацікаўленае супрацоўніцтва, толькі аб'яднанне намаганняў дазволіць нам забяспечыць глабальны свет і глабальнае ўстойлівае развіццё», — сказаў на заканчэнне Амбразевіч.
Чытайце таксама:
МЗС назвала краіны ў Еўропе, лаяльныя да беларускіх улад. Такіх дзве
Паглядзіце, якім палкім танцам сустрэлі міністра замежных спраў Алейніка ва Угандзе ВІДЭА