Беларусам з пратэрмінаванымі пашпартамі за мяжой чыноўнікі пагражаюць штрафамі. Ці варта баяцца?

У верасні мінулага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб забароне абменьваць беларускія пашпарты ў пасольствах і консульствах за мяжой. Цяпер чытачам выдання «Люстэрка», у якіх ужо скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта, пачалі прыходзіць лісты з аддзелаў грамадзянства і міграцыі (АГіМ) МУС. У іх паведамляецца пра пагрозу штрафу ў выпадку, калі чалавек своечасова не атрымае новы дакумент.

13.03.2024 / 22:11

Пра лісты з АГіМ паведамілі два чытачы «Люстэрка», якія жывуць за мяжой. Яны атрымалі іх па адрасах прапіскі: адзін — у Мінску, другі — у раённым цэнтры.

«У адпаведнасці з ч. 3 арт. 24.33 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, пражыванне без дакументаў, якія сведчаць асобу, альбо па несапраўдных дакументах, якія сведчаць асобу, цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь», — гаворыцца ў лісце.

Чатыры базавыя велічыні цяпер — гэта 160 рублёў. Адрасатаў лістоў просяць звярнуцца ў адпаведны орган па месцы рэгістрацыі, каб абмяняць пратэрмінаваны пашпарт.

Прыклад ліста з АГіМ, у якім паведамляецца пра магчымасць штрафу за наяўнасць пратэрмінаванага пашпарта. Фота: чытач «Люстэрка»

«Ды не выставяць, не выставяць. Не хвалюйцеся»

Пад выглядам чалавека, які атрымаў такі ліст, журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў у два мінскія аддзелы міграцыі — і спытаў, як пазбегнуць штрафу, калі жывеш за мяжой. Адказы выйшлі супярэчлівымі.

Так, у АГіМ Маскоўскага РАУС сталіцы паведамілі, што лісты — гэта проста паведамленні аб адказнасці, а штрафаваць людзей у бліжэйшыя месяцы ніхто не збіраецца. Акрамя таго, супрацоўнік аддзела міграцыі сцвярджаў, што амбасады дагэтуль працягваюць пратэрмінаваныя пашпарты на два гады (хоць указ Лукашэнкі такую магчымасць таксама забараніў).

— Пра пагрозу штрафу пакуль гаворкі не ідзе. Мы вам паведамілі, што прадугледжаная адказнасць за пратэрмінаваны пашпарт, — сказалі ў АГіМ. Звярніцеся ў беларускую амбасаду або консульства ў вашай краіне пражывання. Яны ўсё яшчэ могуць працягнуць тэрмін дзеяння пашпарта на два гады. Другі варыянт — атрымаць пасведчанне на вяртанне, па ім можна перасякаць мяжу са скончаным пашпартам: прыехаць у Беларусь і аформіць новы пашпарт.

— Толькі я не змагу прыехаць у бліжэйшыя месяцы.

— Нічога страшнага. Не хвалюйцеся. Як толькі будзе атрымлівацца — прыязджайце, зрабіце. Ніякіх праблем.

— Гэта значыць, я ўсё яшчэ магу пайсці ў амбасаду і працягнуць пашпарт на два гады?

— Так, можаце паспрабаваць. Могуць адмовіць, вядома. Але могуць і працягнуць.

— Ад чаго гэта залежыць: працягнуць ці не?

— А я вось не ведаю. Іншае ведамства — МЗС, самі разумееце. Я да іх дачынення не маю. Але пашпарты яны працягваюць. Напэўна, глядзяць па нейкіх сваіх крытэрыях.

— У якія тэрміны мне могуць выставіць штраф да чатырох базавых велічынь за пратэрмінаваны пашпарт?

— Ды не выставяць, не выставяць. Не хвалюйцеся. Калі на працягу гэтага года прыедзеце, памяняеце — усё будзе нармальна.

Супрацоўніца АГіМ Савецкага РАУС, наадварот, сказала, што ў амбасадзе Беларусі за мяжой працягнуць пашпарт не атрымаецца. Па словах чыноўніцы, для пазбягання штрафу трэба паведаміць дзяржоргану пра наяўнасць ДНЖ або іншага статусу легалізацыі за мяжой. Пры гэтым яна запэўніла, што штраф можа быць выстаўлены толькі пры фізічнай прысутнасці чалавека ў Беларусі.

— У вас ёсць дакумент, які сведчыць асобу, той краіны, у якой вы жывеце? — спыталі ў АГіМ.

— Ёсць дазвол на жыхарства.

— У наш аддзел накіроўвалі інфармацыю пра наяўнасць гэтага дакумента?

— Пакуль не. Нядаўна атрымаў.

— З ліпеня мінулага года грамадзяне Беларусі, якія маюць дакументы замежнай дзяржавы, абавязаныя падаваць звесткі пра іх. Вы можаце пакінуць электронны зварот на сайце нашага РАУС аб тым, што ў вас скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта, а прыехаць у краіну для яго замены магчымасці няма. Таксама ў звароце трэба паведаміць пра наяўнасць ДНЖ замежнай дзяржавы і прыкласці яго выяву. Мы адкажам на Ваш зварот і накіруем паведамленне аб атрыманых звестках аб ДНЖ. Для таго, каб пасля ніякіх дзяржаўных санкцый да вас не ўжываць.

— У такім выпадку мне не давядзецца плаціць штраф і ў абавязковым парадку мяняць пашпарт?

— Абсалютна дакладна.

— У які тэрмін мне трэба даслаць звесткі пра ДНЖ? Калі могуць выставіць штрафы?

— Штрафы могуць быць выстаўленыя толькі пры фізічнай прысутнасці чалавека ў Беларусі. У выпадку, калі вы прыедзеце і звернецеся ў адпаведны орган за заменай пашпарта — толькі на гэтым этапе могуць прымяняцца штрафныя санкцыі.

— То-бок, калі я дашлю даныя аб ДНЖ, скажам, на працягу некалькіх месяцаў, праблем не будзе?

— Так.

— Мне казалі, што мінулы пашпарт можна ўсё яшчэ ў амбасадзе працягнуць на два гады. Гэта так?

— Не. На жаль, амбасады не займаюцца гэтым з лістапада мінулага года. Адзіны варыянт — атрымаць пасведчанне на вяртанне для перасячэння мяжы са скончаным пашпартам.

Чытайце таксама:

Беларусы больш не змогуць замяняць пашпарты ў консульствах, а даверанасці, аформленыя за мяжой, перастануць прызнавацца — новы ўказ

«Мы працуем, каб беларусы не засталіся без пашпартоў» — Ціханоўская

Саннікаў раіць краінам ЕС выганяць беларускія пасольствы. «А тым, хто верыць у пашпарт новай Беларусі, давядзецца горка пашкадаваць»

Nashaniva.com