Чупрыс пракаментавала сённяшняе памілаванне. Спыталі яе і пра палітвязняў
Чыноўніца адзначыла, што раней сярод памілаваных былі асуджаныя па пратэсных артыкулах.
13.03.2024 / 22:26
Намесніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс. Скрын відэа БТ
Сёння Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 15 чалавек. Паведамлялася, што сярод іх 9 жанчын. 11 з 15 на момант здзяйснення злачынстваў былі непаўналетнімі.
Намесніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс у эфіры БТ удакладніла, што тры з памілаваных жанчын — з непаўналетнімі дзецьмі.
Памілаваным зменшылі тэрмін або змякчылі пакаранне.
Абавязковая ўмова для іх пасля вызвалення — працаўладкаванне.
У Чупрыс спыталі пра асуджаных па пратэсных артыкулах. Яна не адказала, ці трапілі яны сёлета пад памілаванне, але згадала, што ў папярэднія гады такія выпадкі былі.
«У 2021 годзе прэзідэнтам было прынята [такое] рашэнне аб памілаванні ў дачыненні да 40% усіх памілаваных, і гэта было па тых асобах, якія здзейснілі злачынствы так званай пратэстнай накіраванасці. У 2022 годзе ад агульнай колькасці памілаваных гэтая катэгорыя склала 77%. Ну і ў 2023 годзе, мы ведаем, адзінкавыя выпадкі памілавання былі.
Гэта пра што кажа? Хоць гэтыя асобы сябе супрацьпаставілі краіне, інтарэсам краіны ў складаны перыяд для нашай дзяржавы, прэзідэнт іх памілаваў, прэзідэнт іх убачыў», — адзначыла чыноўніца.
Імёны памілаваных пакуль невядомыя.
Скрын відэа БТ
Яна расказала таксама, што амністыя ў гэтым годзе будзе адрознівацца — тым, што шырока распаўсюдзіцца на непаўналетніх, у тым ліку на тых, хто асуджаны па наркатычных артыкулах (у тым ліку з абцяжваючымі абставінамі), і на жанчын з дзецьмі.