Прэм'ер Літвы: Расія паспрабуе зладзіць тут хаос

Адзін з такіх прыкладаў — забастоўкі фермераў у Еўропе, скарыстацца якімі можа Расія.

16.03.2024 / 11:17

Інгрыда Шыманіце. Фота: Mindaugas Kulbis / AP

Прэм'ер-міністр Інгрыда Шыманіце пракаментавала напад на Леаніда Волкава ў Вільні. Яна сказала, што Расія спрабуе зладзіць хаос у Літве. Адзін з такіх прыкладаў — забастоўкі фермераў у Еўропе, піша Delfi.lt.

«Я не хачу палохаць, нешта адмаўляць, быццам Расія не карыстаецца ніякімі спосабамі для таго, каб зладзіць хаос у Літве — часта нават тады, калі адбываюцца нейкія Натуральныя ўнутраныя рознагалоссі», — сказала Шыманіце.

«Напрыклад, забастоўкі фермераў па ўсёй Еўропе. Гэта адна з любімых тэм расійскай прапаганды. Я не кажу, што Расія ініцыюе гэтыя пратэсты, але што карыстаецца гэтай тэмай — несумненна», — дадала яна.

Прэм'ер падкрэсліла, што ёсць і такія выпадкі, якія могуць быць звязаныя са спробай правакацый Расіі. Паколькі вядзецца расследаванне, Шыманіце нічога не хацела каментаваць, але, на яе думку, прапагандысты могуць быць звязаныя з апаганьваннем помніка кіраўніку паваенных літоўскіх партызан Адольфасу Раманаўскасу-Ванагасу. «Бо быў апаганены помнік Адольфасу Раманаўскасу-Ванагасу, бываюць і такія непрыемныя выпадкі, хтосьці на сценах піша — неабавязкова ўсе гэтыя выпадкі звязаныя з Расіяй, неабавязкова прыезджыя гэта робяць, гэта могуць рабіць і тыя, хто знаходзіцца ў Літве», — сказала Шыманіце.

«Нам усім важна заставацца пільнымі. Калі бачым, што хтосьці спрабуе казаць, вербаваць, пераконваць нешта зрабіць — трэба як мага хутчэй інфармаваць нашы ведамствы», — працягнула яна.

Нагадаем, што ў Вільні ў аўторак вечарам быў здзейснены напад на расейскага апазіцыянера Леаніда Волкава.

Чытайце таксама:

Прэзідэнт Літвы пракаментаваў напад на Леаніда Волкава — і заявіў, што Пуціна тут «ніхто не баіцца»

«Гэта такі тыповы бандыцкі прывет ад Пуціна». У Леаніда Волкава дыягнаставалі пералом рукі пасля таго, як на яго напалі ў Вільні

Z-блогер з Расіі сцвярджае, што ягоныя паплечнікі напалі на Леаніда Волкава 

На паплечніка Навальнага Леаніда Волкава напалі ў Вільні

Nashaniva.com