«Трэба цуд, каб гэтыя рэжымы двух дзядоў абрынуліся». Беларусы расказалі, што думаюць пра прэзідэнцкія выбары ў Расіі

У нядзелю, 17 сакавіка, у Расіі адбудзецца асноўны дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, хоць яны і так ужо ідуць поўным ходам. У сувязі з гэтым выданне Eх-press.by распытала сваіх чытачоў, ці зменяць яны, на іх думку, жыццё беларусаў. Меркаванні падзяліліся ад «нічога асаблівага не адбудзецца» да «Беларусь будзе канчаткова ўцягнутая ў вайну».

16.03.2024 / 22:14

Фота: AP Photo

Сяргей:

«Нічога асаблівага не адбудзецца ў Беларусі пасля выбараў у Расіі. Будзем паціху калупацца, глядзець прапагандыстаў на целеку і ў інтэрнэце і паціху прывучацца, што «жывем у самай лепшай краіне, а ўсе астатнія краіны нам зайздросцяць». А наогул, трэба рыхтавацца да выбараў у Беларусі ў 2025 годзе і больш не быць наіўнымі, а разумець, з кім мы маем справу».

Яўгенія:

«Я наогул гэтай гісторыяй з выбарамі ў Расіі не цікаўлюся. На ноч гляджу серыялы пра каханне, пачытаць бяру нешта лёгкае, часам нават дэбільны гумар… А яшчэ я адчуваю, што мы і самі жывем у серыяле. Гэта пра Беларусь і пра Расію. Здаецца, Беларусь жыве ў пятым сезоне, а ў Расіі ўсё тое ж самае, толькі яшчэ сезон чатыры… Але ўсё пад капірку. І гэтыя пастановачна-парадыйныя серыялы, у якіх шутаўскія выбары ў Расіі нікога не насмешаць.

Усё будзе цяжка ў іх… А ў Беларусі на крок наперадзе, гэта яшчэ цяжэй. Пакуль цярпенне народа не лопне. Але, на жаль, і ў нас, і ў іх — мора баязліўцаў і прыстасаванцаў. Таму добрых фіналаў не чакаю».

Ягор:

«Пуцін праштампуе сваё пераабранне. Няма там ніякіх выбараў, гэта такая ж хлусня, як і ў Беларусі. І Лукашэнку так можна чарговым разам — народзец заткнуць і таксама зноў праштампаваць».

Вольга:

«Ніхто не сумняваецца, што вынік прэзідэнцкіх выбараў у Расіі прадвызначаны, Пуцін чарговым разам зойме прэзідэнцкае крэсла. А гэта значыць, што Беларусь будуць яшчэ мацней засмоктваць у Расію. У Беларусі будуць павялічвацца рэпрэсіі, расці падаткі… І, не выключана, што Беларусь будзе канчаткова ўцягнутая ў вайну».

Міхаіл:

«У Расіі будуць «выбары» прэзідэнта цяпер, у Беларусі будуць у 2025 годзе. І нам трэба цуд, каб гэтыя рэжымы двух дзядоў, якія захапілі нашы жыцці, урэшце абрынуліся. Думаю, цяпер, пасля «выбараў» Пуціна, нічога моцна не зменіцца, усё будзе ісці гэтак жа сама — нас Расія будзе паглынаць, а мы будзем трываць. Спадзяюся, не вечна».

Аляксандр:

«Пасля выбараў РФ узмоцніць ваенныя дзеянні, і Беларусь будзе ўцягнутая яшчэ больш. У Беларусі ўжо даўно «стакгольмскі сіндром» — мы ўсе ахвяры свайго і расейскага кіраўніка і амаль удзячныя за гвалт над намі…

Дай Бог, каб у нас не аб'явілі мабілізацыю. Вунь колькі вучэнняў адбываецца бясконца. Мне ўжо страшна за сына. Яму пакуль 16 гадоў, і я ўжо збіраюся яго адправіць на вучобу ў Еўропу. Не хачу, каб ён ваяваў, ды і наогул, каб быў датычны да войска».

Чытайце таксама:

«У гэты важны для краіны дзень галасуюць не толькі людзі, але і насякомыя». Да выбарчай кампаніі ў Расіі далучыўся мастак

На выбарах прэзідэнта Расіі ўжо прагаласавала больш за траціну выбаршчыкаў

У Расіі за суткі мінімум 15 крымінальных спраў завялі па артыкуле аб «перашкодзе працы выбарчых камісій»

У Расіі пачаліся выбары прэзідэнта. Вось што трэба пра іх ведаць

Чаго чакаць ад выбараў у Расіі і як яны адаб'юцца на Беларусі? Разважаюць аналітыкі

Nashaniva.com