БЕЛ Ł РУС

Грамадства

У Беларусі з‘явіўся шосты поўны кавалер ордэна Айчыны. Хто ён?

18.03.2024 / 19:49

Nashaniva.com

Сёння Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні дзяржаўнымі ордэнамі і медалямі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, якія, працуючы ў гэтым органе з 2019 года, прыклалі шмат намаганняў для забеспячэння захавання ўлады ў руках Лукашэнкі, сярод іншага без запярэчанняў зацвярджаючы ўсё больш строгія рэпрэсіўныя нормы ў заканадаўстве. 

Уладзімір Андрэйчанка

Пра тое, што трэба ўзнагародзіць найбольш верных яму дэпутатаў, Лукашэнка гаварыў адразу пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў, у пачатку сакавіка. Цяпер жа гэта знайшло ўвасабленне ў выглядзе адпаведнага ўказа.

Паводле яго слоў, старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміру Андрэйчанку ўручаць ордэн Айчыны І ступені, а намесніку пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы — ордэн Пашаны.

Дэпутат Сяргей Рачкоў разам з іншымі калегамі начэпіць на грудзі медаль «За працоўныя заслугі», а Лілія Ананіч — «За бездакорную службу» ІІІ ступені.

Таксама некалькім дэпутатам прысвоеныя ганаровыя званні ў залежнасці ад таго, у якой сферы яны працуюць ці працавалі. Ігар Марзалюк цяпер заслужаны работнік адукацыі, Людміла Макарына-Кібак — заслужаны лекар, а Міхаіл Русы — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Пасля ўзнагароджання ветэрана лукашэнкаўскага атачэння Уладзіміра Андрэйчанкі ордэнам Айчыны І ступені ён сабраў ужо поўны камплект гэтага ордэна (у яго тры ступені), стаўшы яго поўным кавалерам. Такіх людзей да яго было ў Беларусі ўсяго пяцёра.

У 2008 годзе першым поўным кавалерам ордэна Айчыны стала славутая вяслярка Кацярына Карстэн, у 2011-м — старшыня агракамбіната «Зара» на Магілёўшчыне Леанід Маісееў, у 2014-м — славуты трэнер па фрыстайле Мікалай Казека і канструктар беларускіх касмічных апаратаў Уладзімір Пакрышкін, а ў 2021-м — яшчэ адзін найбліжэйшы паплечнік Лукашэнкі, які актыўна дапамагаў яму прыйсці да ўлады 30 гадоў таму, Віктар Шэйман. 

Чытайце таксама:

Абраныя сапраўдныя патрыёты, адданыя беларускаму народу — Андрэйчанка пра вынікі выбараў дэпутатаў

Спікер Андрэйчанка развітваецца з Палатай, а ў МТС шукаюць новага дырэктара замест яго сына. Супадзенне?

Каго паставяць спікерам Палаты прадстаўнікоў замест спісанага Андрэйчанкі?

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула