Салей, Цыплакоў, Кальцоў — лёсы беларускіх хакеістаў, якія першымі скаралі НХЛ, выдаліся трагічнымі

Тры беларускія хакеісты, што выступалі ў НХЛ, загінулі.

19.03.2024 / 08:11

Канстанцін Кальцоў. Фота: belarushockey.by

Экс-хакеіст Канстанцін Кальцоў загінуў у ЗША. Яму было 42 гады. Абставіны трагедыі пакуль высвятляюцца.

Кальцоў быў у ліку тых першых беларусаў, якія зрабілі сабе кар’еру ў амерыканскай Нацыянальнай хакейнай лізе — наймацнейшым хакейным чэмпіянаце свету. Трапіць туды — ужо дасягненне для спартсмена, але загуляць яшчэ складаней.

Кальцоў адгуляў у НХЛ тры сезоны. Агулам на яго рахунку 144 гульні і 38 набраных балаў (12 закінутых шайбаў і 26 галявых перадач).

Да Кальцова імя ў НХЛ сабе зрабілі Руслан Салей і Уладзімір Цыплакоў. Супадзенне, але жыццё кожнага з іх абарвалася заўчасна.

36-гадовы Руслан Салей загінуў у авіякатастрофе 7 верасня 2011 года.

@anaheimducks

Ён толькі-толькі перайшоў у яраслаўскі «Лакаматыў» пасля працяглай кар’еры ў Амерыцы і вылятаў на першы матч сезона ў Мінск. Прычынай катастрофы стала памылка экіпажа. Нехта з пілотаў падчас разбегу самалёта па ўзлётнай паласе націснуў на тармазы.

Статыстыка Салея ў рэгулярных сезонах НХЛ — 917 гульняў і 204 балы (45+159). Апроч таго, у кубку Стэнлі ён правёў 62 гульні і набраў 16 балаў (7+9).

50-гадовы Уладзімір Цыплакоў пайшоў з жыцця 14 снежня 2019 года. Блізкія сям’і казалі, што гэта быў суіцыд

Цыплакоў адгуляў у рэгулярных сезонах НХЛ 331 матч і набраў 170 балаў (69+101). У кубку Стэнлі ў яго 18 гульняў і 3 балы (1+2).

Раней за іх у НХЛ выступалі Аляксандр Андрыеўскі (1 матч) і Алег Мікульчык (37 матчаў), але яны так і не загулялі ў аснове сваіх клубаў.

Усяго ў НХЛ гулялі і гуляюць 15 беларускіх хакеістаў (нават калі правялі матч-два).

Зараз там выступаюць Ягор Шаранговіч ('Калгары») і Аляксей Протас («Вашынгтон»).

Чытайце таксама:

У ЗША загінуў хакеіст Канстанцін Кальцоў — бойфрэнд Арыны Сабаленка

У «Салават Юлаеве» пацвердзілі гібель трэнера Канстанціна Кальцова

Дзве трагедыі Сабаленкі. У 42 гады памёр бойфрэнд тэнісісткі, а да гэтага амаль у такім жа ўзросце — яе бацька

Nashaniva.com