Як Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр ператварыўся ў сапраўдны бізнэс-холдынг
Апошнім часам Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр прыцягвае ўвагу беларусаў сваёй неадназначнай дзейнасцю. Яго кіраўнік Андрэй Лемяшонак падтрымаў масавыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў 2020 годзе, а з пачаткам нападу Расіі на Украіну манастыр заняўся адпраўкай дапамогі расійскім салдатам. Паводле якіх законаў жыве гэтая дзяржава ў дзяржаве, чые інтарэсы абслугоўвае, дзякуючы каму зарабляе на шэрых схемах мільёны долараў і як у гэтую карціну ўпісаныя сімпатыі і атачэнне сям’і Лукашэнкі, расказвае «Бюро».
19.03.2024 / 16:25
Андрэй Лемяшонак (у цэнтры) і манашкі СЕМ. Крыніца: obitel-minsk.ru
Да распаду СССР праваслаўная царква сем дзясяткаў гадоў знаходзілася пад прыгнётам атэізму і жорсткіх рэпрэсій з боку правадыроў. Абвешчаная ў канцы 80-х Міхаілам Гарбачовым палітыка галоснасці і «перабудовы» паклала пачатак адраджэнню рэлігійнага жыцця — царква пачынае актыўна ўзаемадзейнічаць з дзяржаўнымі інстытутамі і аднаўляць дыялог з грамадствам. У час, калі на руінах старой цывілізацыі ўтваралася новая незалежная рэспубліка, многія былыя савецкія грамадзяне зведвалі востры духоўны голад і цягнуліся да Бога.
Манашкі са скарбонкамі ў пераходзе метро. Крыніца: obitel-minsk.ru
Сярод іх была і Дар’я Альховік. У пачатку 90-х яна рабіла першыя крокі на сваім духоўным шляху і хацела прайсці курсы катэхізацыі. Жанчына звярнулася па добраславенне да айца Андрэя Лемяшонка, на што духоўнік ёй адказаў:
«Калі хочаце папрацаваць, бярыце скарбонку і ідзіце стаяць на Чэрвеньскі рынак. Вось і ўсе вашыя катэхізатары».
Як паказала расследаванне, гэты наказ ляжа ў аснову канцэпцыі манастыра — храм Божы не толькі месца сілы. Гэта яшчэ і крыніца шматмільённых даходаў.
Падайце, Богам прашу
З моманту заснавання манастыра прайшло амаль 25 гадоў, і за гэты час структура Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра (СЕМ) разраслася да 12 храмаў, 70 царкоўных лавак у Мінску, больш як 10 майстэрняў. У веданні святога прыстанку нядзельная школа, патранажная служба, жаночы і мужчынскі падворкі, паломніцкі цэнтр, гурткі і студыі, праваслаўны дзіцяча-юнацкі рух «Арляняты», духоўна-асветны цэнтр «Каўчэг». Акрамя таго, СЕМ валодае сямю асобна выдзеленымі юрыдычнымі асобамі ў Беларусі і Расіі, якія вядуць камерцыйную дзейнасць, і кантралюе іх. Яшчэ адна звязаная з манастыром арганізацыя — Сястрыцтва ў гонар святой Елісаветы, ва ўласнасці якога больш за 300 гектараў зямлі.
У гэтым праваслаўным холдынгу працуе каля 1600 супрацоўнікаў. Паводле слоў трох не звязаных адна з адной крыніц, для пазбягання выплаты падаткаў за сваіх супрацоўнікаў СЕМ вядзе двайную бухгалтэрыю.
Працоўныя адносіны ў рэлігійных арганізацыях рэгулююцца заканадаўствам РБ аб працы. Працоўная дамова складаецца з кожным наёмным работнікам. Святары ў лік наёмных работнікаў не ўваходзяць. Тым не менш іх служэнне залічваецца ў працоўны стаж, святары маюць на агульных падставах права на дзяржаўнае пенсійнае і сацыяльнае забеспячэнне і медычную дапамогу. Рэлігійныя арганізацыі павінны рабіць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва з зарплаты сваіх работнікаў у памеры 35% ад даходу. Акрамя таго, выплачваецца падаходны падатак у памеры 13%.
Адразу некалькі былых работнікаў мінскага манастыра паведамілі «Бюро», што рэлігійная арганізацыя наўмысна заніжае падатковую нагрузку. Заработная плата наёмнага супрацоўніка СЕМ умоўна падзяляецца на дзве часткі: 15% і 85%. 15% — «белая» зарплата. Яна афіцыйна налічаецца супрацоўніку пасля выліку з яе адлічэнняў у дзяржбюджэт.
«Грошы былі добрыя, але афіцыйна падаткам большая частка не абкладалася. Я вельмі доўга працаваў у гэтай структуры, але сабе на пенсію не зарабіў нічога», — распавяла адна з крыніц.
Няхітрыя разлікі падказваюць, што калі кожны супрацоўнік манастыра ў 2023 годзе атрымліваў мінімальную заработную плату, то штомесячныя расходы манастыра на аклады работнікаў — гэта без малога 300 тысяч долараў або крыху больш за 3,5 млн долараў за год. У 2024 годзе зноў жа, зыходзячы з устаноўленай Саветам міністраў «мінімалкі», СЕМ можа патраціць на зарплаты крыху больш за 310 тысяч долараў за месяц або амаль 3 млн 760 тысяч за год адпаведна. Але на практыцы ўзровень расходаў на супрацоўнікаў у манастыра ў разы вышэйшы, толькі яны лічаць за лепшае ўтойваць гэта ад беларускіх дзяржаўных органаў.
Большая частка зарплаты, якую СЕМ не паказвае падатковай, — гэта «чорная» зарплата. Паводле інфармацыі нашай крыніцы, афармляецца гэтая сума па дакументах як «дабрачыннае ахвяраванне за царкоўны послух».
У размове з «Бюро» Андрэй Лемяшонак адмаўляў зарплаты ў канвертах:
«Не, мы не плацім [зарплату ў канвертах]. Мы плацім афіцыйную, а калі нейкая перапрацоўка або калі чалавек зрабіў штосьці лепш — мы яму даплачваем».
Андрэй Лемяшонак. Крыніца: obitel-minsk.ru
І вось у гэтым месцы мы трапляем у цудоўны кругаварот ахвяраванняў Свята-Елісавецінскага манастыра на практыцы.
Ахвяраванні з’яўляюцца асноўнай крыніцай даходу і ўласнасцю рэлігійнай арганізацыі. Зрабіць ахвяраванне можа як фізічная, так і юрыдычная асоба — гэтыя грошы не абкладаюцца падаткам на прыбытак. Аднак закон вызначае, што калі чалавек ахвяруе арганізацыі грошы, то ён не павінен атрымліваць тавар або паслугу наўзамен.
Вось жа, як стала нам вядома, СЕМ недаплачвае ў бюджэт за сваіх супрацоўнікаў, але гэта не адзіная эканомія манастыра. Каб пазбегнуць падаткаў на прыбытак, святы прыстанак маскіруе даходы пад ахвяраванні. Разгледзім некалькі прыкладаў.
У чэрвені 2023 года СЕМ арганізаваў пры сваім цэнтры «Каўчэг» летні лагер для падлеткаў. Каб запісаць дзіця, бацькам трэба было ўнесці «рэкамендаванае ахвяраванне» ў наступных памерах: 5 дзён/10 дзён — 250/450 рублёў. Пры, так бы мовіць, раннім браніраванні прапаноўваюць спецыяльныя ўмовы «ахвяраванняў»: 5 дзён/10 дзён — 210/410 рублёў.
У лістападзе 2023 года «Каўчэг» запрашаў узяць удзел у майстар-класе мастака-акварэліста. «Ахвяраванне» за ўдзел у майстар-класе: дзіця — 5 рублёў, дарослы — 10 рублёў. Фарбы і паперу дае мастак, але, калі вы возьмеце свае матэрыялы, сума «ахвяравання» будзе ніжэйшай.
«Вы можаце гэтую аплату, імкнучыся ўхіліцца ад падаткаў, называць, як хочаце — хоць ахвяраваннем, хоць вяртаннем пазыкі, хоць чым заўгодна. Тут важны складнік: калі вам зрабілі ўсё дармова і пасля гэтага вы колькі пажадалі, столькі і далі [грошай] — не пэўную нейкую суму, а любую, якая вам прыйшла ў галаву, — то гэта, найхутчэй, ахвяраванне. Калі вам не гатовыя зрабіць паслугу датуль, пакуль вы не пакажаце нейкі квіток [пра аплату], то, вядома, гэта не ахвяраванне, а звычайная тыповая камерцыя», — патлумачыў «Бюро» кіраўнік праекта «Кошт урада», эканаміст Уладзімір Кавалкін.
Па сутнасці, СЕМ займаецца падменай паняццяў. Слова «кошт» або «аплата» яны мяняюць на «ахвяраванне», і тады грошы афармляюцца не як прыбытак ад аказання паслуг і камерцыйнай дзейнасці, з якой абавязаныя заплаціць падатак на прыбытак, а як ахвяраванні, якія падаткам не абкладаюцца.
«Хутчэй за ўсё, гэта робіцца па ўзгадненні з уладамі, якія заплюшчваюць вочы, што пад шыльдай царквы ідзе бізнэс паўнавартасны, які нічым не адрозніваецца ад любога іншага бізнэсу. Абсалютна тыповая схема для РПЦ», — лічыць Уладзімір Кавалкін.
Гэтая ж схема працуе і ў гандлёвых пунктах манастыра. Нашыя крыніцы паведамілі «Бюро», што ў месцах рэалізацыі прадукцыі СЕМ (як рэгулярныя гандлёвыя аб’екты, так і кірмашы) няма касавых апаратаў — пераважна купля праходзіць як «ахвяраванне».
«Усё, што датычыць афіцыйных дакументаў, прыбытку, выплаты падаткаў, то яны імкнуцца ўсё рабіць па мінімуме. Большая частка — гэта чорная гатоўка, але, вядома, яны плацяць падаткі там, дзе гэта неабходна. Прынцып вядзення ўсяго бізнэсу манастыра — меней афіцыйнага. Чым меней — тым лепей. З пункту гледжання фінансаў яны заўсёды будуць рабіць так, каб застацца ў выйгрышы. І яны будуць рабіць так не кіруючыся заканадаўствам, а як ім зручна», — лічыць крыніца з манастыра.
Пад выглядам кліентаў журналісты правялі «кантрольную закупку» і высветлілі, што ў некалькіх аб’ектах у радыусе манастыра па вул. Выгоцкага сапраўды няма ні тэрміналаў, ні касавых апаратаў. Ім прапанавалі разлічыцца наяўнымі ў крамах «Манастырскі сад», «Эла» і «Крыжы і помнікі», а таксама ў гасцініцы манастыра «Дом паломнікаў».
У крамах «Эла» і «Манастырскі сад» пацвердзілі, што ў іх адсутнічае тэрмінал — аплаціць можна толькі наяўнымі. Акрамя таго, «Манастырскі сад» прапанаваў нашаму пакупніку разлічыцца за тавар праз АРІП. Аплату на яго просяць рабіць з тэгам «Ахвяраванне».
У краме «Крыжы і помнікі» тайнаму пакупніку «Бюро» разлічыцца за надмагілле з граніту рэкамендавалі наяўнымі альбо ахвяраваць гэтую суму манастыру, але, паводле слоў прадаўца, «гэта доўгая песня і зрабіць гэта даволі цяжка». Лепей аддаць кэшам або зрабіць перавод яму на карту.
Журналісты таксама зрабілі спробу забраняваць нумар у манастырскай гасцініцы. Жанчына на рэцэпцыі патлумачыла, што тэрмінала ў гатэлі няма:
«Вы даяце грошы пасля прыезду наяўнымі ў беларускіх [рублях]. Афіцыйна мы вам чэк не дадзім. Мы можам толькі даць рахунак [фактуру], што вы ахвяравалі на манастыр — як ахвяра».
На пытанне, з чым звязаная такая палітыка гасцініцы, атрымалі адказ: «Ну, у нас так — як ахвяраванне на манастыр ідзе».
«Бюро» дадаткова прааналізавала водгукі карыстальнікаў у «Яндэкс.карты» і Google Maps. Наведвальнікі гандлёвых аб’ектаў манастыра не раз скардзіліся на адсутнасць тэрміналаў і чэкаў.
Напрыклад, у 2022 годзе госця гатэля пакінула гнеўны каментар наступнага зместу: «Працуе некампетэнтны адміністратар, які не ведае цэнавы дыяпазон пакояў. Па тэлефоне кажуць адно, на справе іншае. Калі чалавек не мясцовы і ў яго беларускіх рублёў роўна столькі, колькі сказаў зняць адміністратар пры браняванні па тэлефоне?»
Роўна праз год іншая госця таксама адзначыла толькі наяўны разлік у гасцініцы.
Такім чынам, разлікі з пакупнікамі ў гандлёвых пунктах манастыра робяцца пераважна за наяўныя грошы, прасачыць аб’ём якіх можна толькі пры пасільным удзеле дзяржаўных органаў — была б ахвота, лічыць кіраўнік праекта «Кошт урада», эканаміст Уладзімір Кавалкін:
«У іх [праваахоўных органаў] ёсць свая метадалогія: яны вылічваюць урон, разлічваюць недавыплачаныя падаткі, зыходзячы з разыходжанняў у бухгалтэрыі і таварна-матэрыяльных каштоўнасцях, якія яны назіраюць. Паколькі гэта ў іх [праваахоўных органах] напрацавана ў дачыненні да бізнэсу, а ў дадзеным выпадку мы маем справу з тым жа самым бізнэсам, няма ніякай праблемы ўсё гэта ўжыць у дачыненні да іншых удзельнікаў рынку».
У размове з «Бюро» протаіерэй Андрэй Лемяшонак адсутнасць тэрміналаў у гандлёвых аб’ектах манастыра не адмаўляў:
«Гэта мы такія, разумееце, вельмі няспрытныя. І нам, канечне, лепей бы варушыцца і прапаноўваць магчымасць аплаты так, як сучасны працуе гандаль. І шмат нам трэба выпраўляць у гэтым кірунку».
Кадзіла круціцца…
А цяпер уважліва паглядзім на фінансавыя справаздачы юрыдычных асоб, звязаных з манастыром. Мы налічылі сем такіх кампаній. Некаторыя з іх справаздачнасць не падалі, але на чатыры арганізацыі мы змаглі атрымаць дакументы.
У Расіі СЕМ з 2017 года валодае выдавецтвам «Источник».
У 2022 годзе выручка кампаніі вырасла амаль на 30% — да 240,8 тысячы долараў, чысты прыбытак павялічыўся амаль на 4% — да 17,8 тысячы долараў. За 2021 і 2022 гады кампанія заплаціла падаткаў амаль на 24 тысячы долараў. Тут усё ў парадку.
Іначай сітуацыя складваецца з беларускімі юрасобамі СЕМ. Напрыклад, унітарнае прадпрыемства «Імя праведнага Іаана Рускага» — займаецца вытворчасцю кіна– і відэафільмаў.
У 2022 годзе выручка арганізацыі вырасла на 38% — да 163 тысяч рублёў. Але нягледзячы на прыбытак у 116 тысяч рублёў, арганізацыя падаткі не плаціла.
Пасаду дырэктара фірмы займае Наталля Лашук — яна з’яўляецца манашкай Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. Мы не змаглі да яе дазваніцца, каб атрымаць каментар.
Служкі манастыра на чале прыватнага бізнэсу — тэндэнцыя СЕМ. Напрыклад, у манастыра ёсць свая прыватная стаматалогія «Манастырскі лекар». Ёй кіруе Ірына Галавачова — прыхаджанка манастыра. Дырэктаркай ва ўнітарным прадпрыемстве «Высокая гара» лічыцца Алена Юдзіна — яна ж манашка Аляксія. Жанчына сумяшчае пасаду дырэктаркі прыватнай фірмы з кіраўніцтвам духоўна-асветным цэнтрам «Каўчэг». Прыватнае прадпрыемства «Цуда-млын», якое займаецца рознічным гандлем, належыць нейкай Ксеніі Казловай. Паводле звестак «КіберПартызан», жанчына працавала бухгалтаркай у СЕМ. Высветліць нейкія фінансавыя падрабязнасці трох гэтых прадпрыемстваў у нас не атрымалася.
Ёсць пытанні па падатках да яшчэ адной звязанай з манастыром арганізацыі — сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «Манастырскі падворак».
Гаспадарка запісаная не на манастыр, а на манашку Марыю Гуськову — яна ж лічыцца дырэктаркай. Манастырскі падворак вырабляе кефір, малако, тварог, хлеб, кандытарскія вырабы, мяккія сыры, масла, смятану. Арганізацыя мае два нарыхтоўчыя цэхі ў Мінску па вуліцы Выгоцкага, у іх ёсць ліцэнзія на вытворчасць мясных, рыбных, кандытарскіх тавараў. За «Манастырскім падворкам» замацаваная кавярня «Каўчэг» у аднайменным духоўна-асветным цэнтры на 200 пасадачных месцаў і прадуктовая крама, якая таксама называецца «Манастырскі падворак».
У 2022 годзе падворак паказаў выручку ў 2,36 мільёна рублёў і прынёс 388 тысяч рублёў чыстага прыбытку. Тады арганізацыя заплаціла 89 тысяч рублёў падатку на прыбытак, што адпавядае стандартнай стаўцы. А вось у 2021 годзе фермерская гаспадарка чамусьці падатак на прыбытак не плаціла.
Дырэктарка прадпрыемства манашка Марыя Гуськова ў размове з «Бюро» дапусціла, што гэтая акалічнасць звязаная са льготай. Аднак ільготны перыяд для «Манастырскага падворка» павінен быў скончыцца яшчэ ў 2020-м. Ці працягвалі яго, ці не, Гуськова нам не патлумачыла.
На пытанне «Бюро» да Андрэя Лемяшонка, чаму «Манастырскі падворак» не заплаціў падатак на прыбытак у 2021 годзе, кіраўнік СЕМ сказаў, што гэта яшчэ самой арганізацыі трэба даплачваць за ўсе яе добрыя справы. Верагодна, Андрэй Лемяшонак мае на ўвазе насельнікаў, якія жывуць і працуюць на «Манастырскім падворку».
Мужчынскі падворак. Крыніца: obitel-minsk.ru
Сама фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Лысая Гара ў Мінскай вобласці. Землі, што раскінуліся побач, належаць «Праваслаўнаму сястрыцтву ў гонар прападобнапакутніцы вялікай княгіні Елісаветы», якое протаіерэй Лемяшонак заснаваў у 1994 годзе. Агульным лікам на сястрыцтва аформлена 300 з лішнім гектараў зямлі. Для нагляднасці маштабаў аграхолдынга — гэтая плошча роўная 64 сталічным стадыёнам «Дынама». На гэтых землях СЕМ зарабляе, але, паводле закона, за гэтую маёмасць рэлігійная арганізацыя не плаціць ні рубля зямельных падаткаў.
Менавіта ў Лысай Гары жывуць людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — тыя, якія страцілі жыллё, вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, пакутуюць ад п’янства ці наркаманіі, інваліды. Манастыр забяспечвае такіх людзей адзеннем, харчаваннем, прадметамі асабістай гігіены. Там жа насельнікі могуць папрацаваць на карысць манастыра. Жыхары падворка разводзяць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак і коз, свойскую птушку, вырошчваюць караняплоды, аднагадовыя і шматгадовыя травы, даглядаюць яблыні, грушы, садовую маліну і парэчкі, працуюць на пчальніку, у цяпліцах і на будоўлі. Таксама на падворку адкрытыя майстэрні: іконная, каменная, слясарная, сталярная, швейная.
Мужчынскі падворак. Крыніца: obitel-minsk.ru
«Калі ствараўся гэты рэабілітацыйны цэнтр, сэнс быў у тым, каб дапамагчы людзям, якія выпалі з соцыуму. На самай справе гэтага не робіцца. Гэтыя людзі ніяк не сацыялізуюцца, не вылечваюцца ад сваіх залежнасцяў там. Ну, спіўся і спіўся на падворку. Атрымліваецца, тое, для чаго гэта ўсё стваралася, — не працуе. Гэта працуе толькі з мэтай атрымання фінансаў і рэкламы [для спонсараў], што вось мы тут такія цудоўныя», — кажа крыніца з СЕМ.
Гэтай сацыяльнай нагрузкай манастыр вельмі ганарыцца і пры любым зручным выпадку арганізоўвае на патрэбы насельнікаў зборы. У тым ліку і падчас замежных гастроляў. Нягледзячы на тое што манашкі СЕМ арганізоўваюць замежныя зборы на рэабілітацыю тых, хто мае патрэбу, у самой Беларусі адсутнасць рэабілітацыйнай праграмы СЕМ не хавае.
«У нас няма рэабілітацыйных праграм. Мы болей спадзяемся на дапамогу хрысціянскага жыцця. У нас не столькі працатэрапія, колькі споведзь, прычасце, гутаркі са святарамі і сёстрамі», — расказала ўладальніца і кіраўніца фермерскай гаспадаркі Марыя Гуськова, якая адначасова з’яўляецца манашкай Свята-Елісавецінскага манастыра.
Паводле яе слоў, цяпер на мужчынскім падворку жыве каля 150 чалавек. Некаторых жыхароў афіцыйна працаўладкоўваюць, некаторых — не.
СЕМ #сваіхнекідае
Яшчэ адзін сацыяльны накірунак манастыра — адукацыя. СЕМ мае сваю прыватную школу з праваслаўным ухілам «Іхвіс».
Яна сярод тых нямногіх, хто выстаяў пасля масавай зачысткі на рынку прыватнай сярэдняй адукацыі ў Беларусі.
У 2022 годзе выручка школы вырасла на 28% — да 878 тысяч рублёў, але прыбытку ў арганізацыі не было.
Пры нізкай плаце за навучанне яна мае вялікія выдаткі. Школе дапамагае манастыр.
Аднак духоўніка Лемяшонка адмоўны баланс школы не бянтэжыць:
«Яна [школа] не можа быць стратнай, дзеці не могуць быць стратнымі. Нам трэба дапамагчы дзецям разабрацца, што добра, а што кепска. Такімі тэрмінамі, як стратная/не стратная, мы ўвогуле не кіруемся».
Дырэктарка «Іхвіс» і па сумяшчальніцтве манашка СЕМ Таццяна Антановіч удакладніла ў гутарцы з «Бюро», што школа рэалізуе, хутчэй, ідэалагічную функцыю:
«У нас не камерцыйная арганізацыя. Гэта ідэйны праект. Дзеля дзяцей, дзеля будучыні», — расказала Антановіч.
З 2023 года вучняў «Іхвіс» сталі залучаць непасрэдна ў спансаванне расійска-ўкраінскай вайны і прапаганду рускага свету — у верасні 2023 года навучэнцы выступілі на фестывалі «Радасць», у межах якога прайшоў дабрачынны канцэрт у дапамогу Данбасу «Сваіх не кідаем».
У лютым 2024 года СЕМ арганізаваў мерапрыемства да Дня абаронцаў Айчыны ў сценах «Каўчэга». Манастыр заклікаў дзяцей запісаць музычную кампазіцыю ваенна-патрыятычнага зместу, прамаркіраваць лагатыпам #Дзеці-воінам з лацінскай літарай Z.
Запрашэнне да ўдзелу ў спеўным праекце «Дзеці — воінам!». Крыніца: інстаграм-акаўнт СЕМ @obitel_fest
У закліку выхаванцы СЕМ выканалі як узор кампазіцыю наступнага зместу: «Я пішу для таго, каб проста сказаць дзякуй за спакойнае жыццё і за мірнае неба — Расія!». Сам канцэрт «Сваіх не кідаем» 23 лютага ў «Каўчэгу» прайшоў з удзелам вучняў «Іхвіс» пад расійскім трыкалорам. На некаторых сцягах таксама можна было разгледзець лацінскую літару Z у каларыстыцы георгіеўскіх стужак.
Канцэрт «Сваіх не кідаем», прымеркаваны да Дня абаронцаў Айчыны. Крыніца: obitel-minsk.ru
Акрамя таго, з 18 лютага па 18 сакавіка ў «Каўчэгу» ў межах акцыі «Дапамога братам» арганізаваныя выставы: «Вочы няскоранага Данбаса» і «Вугаль Данбаса».
У такім жа духу выхоўваюць і дзяцей руху «Арляняты», які з’явіўся ў СЕМ з добраславення Андрэя Лемяшонка. Як і вучням «Іхвіс», «арлянятам» таксама прывіваюць любоў да «расійскай Радзімы». У канцы красавіка 2023 года СЕМ заклікаў «арлянят» падрыхтаваць да конкурсу малюнкі ваеннага зместу — усе працы павінны былі потым адправіць на фронт як падтрымку рускім воінам.
Малявалі патрыятычныя паштоўкі расійскім салдатам «арляняты» ў студзені гэтага года на занятку па «радзімаведанні».
Акрамя ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў у школе «Іхвіс» і лагеры для «арлянят» СЕМ праводзіць спартовыя мерапрыемствы. Кіруе спартова-патрыятычным ухілам чэмпіён свету па гіравым спорце Ігар Сігневіч. І дапамагае яму ў гэтым сваяк самога Аляксандра Лукашэнкі і набліжаныя да яго людзі.
Новы праект сваяка Лукашэнкі
6 студзеня 2024 года Ігар Сігневіч апублікаваў пост: Свята-Елісавецінскі манастыр правёў нараду з удзелам баксёраў-алімпійцаў з дабрачыннага праекта «Дзеці спорту», хакеістаў, аўтамыек «БАМ 24» і аўтараў інавацыйнага педагагічнага праекта каладзішчанскай школы № 2. Абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва і прасоўвання моладзі «Руху «Арляняты». Пост суправаджае фота: на ім можна ўбачыць самога Ігара Сігневіча, спартоўца Вазгена Сафар’янца, духоўніка СЕМ Андрэя Лемяшонка і Уладзіміра Кулакова — сваяка Лукашэнкі.
Нарада ў СЕМ. Крыніца: інстаграм-акаўнт Ігара Сігневіча. Злева направа (сядзяць за сталом): манашка Рэбека (Перэйра) (арганізатар руху «Арляняты»), Андрэй Лемяшонак (духоўнік СЕМ), ігумення Свята-Елісавецінскага манастыра Еўфрасіння (Лапцік), манашка Мсціслава (Гараднічук) (эканамістка СЕМ), Уладзімір Кулакоў (муж сястры Ганны Лукашэнкі). Злева направа (стаяць): Ігар Сігневіч (за Лемяшонкам), Вазген Сафар’янц (справа ад Кулакова)
Уладзімір Кулакоў — муж Таццяны Кулаковай, роднай сястры нявесткі Лукашэнкі Ганны, якая з’яўляецца жонкай Дзмітрыя Лукашэнкі. Кулакоў валодае 33,33% кампаніі ТАА «Хуткія аўтамабільныя мыйкі». 33,34% кампаніі належаць Мікалаю Зарубіцкаму — старшыню рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі».
І Зарубіцкі, і Кулакоў маюць дачыненне да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь.
Кампанія «Хуткія аўтамабільныя мыйкі» выступае спонсарам педагагічнага праекта «Укараненне мадэлі фармавання актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў і гатоўнасці да рэалізацыі значных для грамадства ініцыятыў шляхам прымянення тэхналогій сацыяльнай творчасці і камандаўтварэння», які з 2023 па 2026 гады рэалізуецца на базе 20 навучальных устаноў па ўсёй Беларусі.
Аўтары менавіта гэтага праекта і абмяркоўвалі з Лемяшонкам прасоўванне «арлянят». Праект павінен «умацоўваць інстытут сям’і шляхам ажыццяўлення праектнай і даследчай дзейнасці ў галіне захоўвання здароўя праз укараненне тэхналогій сацыяльнага партнёрства і камандаўтварэння пры ўзаемадзеянні і падтрымцы сацыяльных структур РГА «Патрыёты Беларусі».
Настаўнікі інавацыйнага праекта праводзяць заняткі ў СЕМ з «арлянятамі». Крыніца: інстаграм-акаўнт Ігара Сігневіча. Злева направа (дарослыя): Вазген Сафар’янц, манашка Рэбека (Перэйра), Дзмітрый Лемяшонак (сын Андрэя Лемяшонка), Ігар Сігневіч
Другім спонсарам гэтай праграмы выступае кампанія «ПП «СігБел», яна займаецца аптовым і рознічным гандлем аўтамабільнымі шынамі, таксама прадае запчасткі для сельгастэхнікі і расходнікі для аўто. Бенефіцыяр гэтай фірмы — Ігар Сігневіч.
У сваім інстаграм-акаўнце ён засвяціўся ў кампаніі Юліі і Дзмітрыя Казаковых, Дзмітрыя Баскава, Яўгена Назарэвіча і Аляксея Талая.
Крыніца: інстаграм-акаўнт Ігара Сігневіча. Злева направа: Вазген Сафар’янц, Віктар Лукашэнка (сын Аляксандра Лукашэнкі, старшыня НАК), Ігар Сігневіч
Крыніца: інстаграм-акаўнт Ігара Сігневіча. Злева направа: Вазген Сафар’янц, Дзмітрый Баскаў (галоўны трэнер хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі), Яўген Назарэвіч (член Прэзідэнцкага спартовага клуба, супрацоўнік дабрачыннага фонду Аляксея Талая), Ігар Сігневіч
Ігар Сігневіч (крайні злева), Мікалай Зарубіцкі (высокі мужчына па цэнтры ў гарнітуры), Юлія Казакова (каардынатарка сацыяльных праектаў дабрачыннага фонду Аляксея Талая — брунетка ў зялёным гарнітуры)
Злева направа: Ігар Сігневіч, Мікалай Зарубіцкі, Наталля Эйсмант (прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі), Іван Эйсмант (крайні справа — муж Наталлі Эйсмант, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі РБ)
Справа налева: Дзмітрый Казакоў (член апякунскага савета дабрачыннага фонду Аляксея Талая, намеснік Мікалая Зарубіцкага ў РГА «Патрыёты Беларусі»), Уладзімір Кулакоў, Мікалай Зарубіцкі, Ігар Сігневіч (у паўпрыседзе), Вазген Сафар’янц (крайні злева)
Усе гэтыя людзі маюць дачыненне да «аздараўлення» ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусі.
У межах інавацыйнага праекта Сігневіч праводзіць работу з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі нароўні з тытулаванымі беларускімі спартоўцамі Джавідам Гамзатавым і Вазгенам Сафар’янцам.
Вазген Сафар’янц — баксёр, заслужаны майстар спорту РБ, шматразовы пераможца рэспубліканскіх і міжнародных турніраў. Пасаду старшыні РГА «Патрыёты Беларусі» ён сумяшчае з пазіцыяй кіраўніка фонду «Спорт пачынаецца з дзяцей» — гэта беларускі філіял расійскага некамерцыйнага фонду падтрымкі развіцця дзіцячага спорту «Спорт пачынаецца з дзяцей», які рэалізуе праект «Дзеці спорту», — той самы, што плануе заняцца прасоўваннем праваслаўных «арлянят». У расійскага фонду ёсць таксама філіялы на акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторыях: ДНР, Марыупалі, Запарожскай вобласці і Мелітопалі.
«Спорт пачынаецца з дзяцей» быў зарэгістраваны ў 2020 годзе ў Маскве. Сярод заснавальнікаў фонду значыцца расіянін Антон Кабанаў.
Ён фігуруе ў базе «Міратворац» як расійскі ваенны злачынца — удзельнік расійска-беларускай агрэсіі супраць Украіны і абвінавачваецца ў генацыдзе ўкраінскага народа. Паводле звестак «Міратворца», Кабанаў браў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў якасці разведчыка, узнагароджаны ў 2022 годзе медалём «За баявыя заслугі».
Душа ў душу
20 снежня 2023 года адбыўся сход духавенства Мінскай епархіі. VIP-госцяй сходу была Вольга Чамаданава — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, у 2020 годзе прэс-сакратарка МУС. Чыноўніца паскардзілася, што 75% настаяцеляў храмаў Мінска не выступаюць у дзяржаўных СМІ — актыўныя толькі Усіхсвяцкі прыход, ключаром якога з’яўляецца «духоўнік Лукашэнкі» протаіерэй Фёдар Поўны, і Свята-Елісавецінскі манастыр.
Протаіерэй Андрэй Лемяшонак сапраўды не толькі з задавальненнем раздае інтэрв’ю праўладным выданням. Ён падзяляў і падтрымліваў у розных палітычных пытаннях пазіцыю беларускіх уладаў, і Лукашэнкі ў прыватнасці, яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. Менавіта таму Свята-Елісавецінскі манастыр ужо не раз апынаўся ў эпіцэнтры гучных скандалаў.
Пасля нападу Расіі на Украіну падтрымка мінскага манастыра беларускіх уладаў у ваенным пытанні пачала набіраць абароты. СЕМ рэгулярна праводзіць ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы, выкарыстоўваючы сімволіку так званай СВА, арганізоўвае зборы ахвяраванняў — грошы пасля накіроўваюцца на акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі і закупку машын для расійскіх вайскоўцаў. Праўда, у замежных камандзіроўках манашкі чамусьці не афішуюць спансаванне пуцінскай агрэсіі, лаканічна называючы дзейнасць ініцыятывы «Дапамога братам» пісьменніка Мікалая Гаўрылава «дапамогай украінскім бежанцам».
«Мы за мір выступаем. Мы падтрымліваем курс нашага прэзідэнта. Белая Русь, і Вялікая Русь, і Малая Русь-Украіна — гэта адзіны народ і адзіная дзяржава. Усё адно мы пераможам, таму што з намі Бог. Мы дапамагаем і дзецям Данбаса, і манастыру Данбаса. Не абавязкова ваенным. Што значыць ваенным? Мы дапамагаем людзям, якія вядуць вызваленчую барацьбу, грамадзянскую вайну. Людзі кідаюць у скарбонкі грошы — мы іх перадаем. Гэта людзі дапамагаюць, а не манастыр дапамагае. Я за гэта не адказваю», — пракаментаваў дзейнасць манастыра Андрэй Лемяшонак.
Аляксандр Лукашэнка наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр. Крыніца: president.gov.by
Адданасць СЕМ адзначаў і сам Лукашэнка — на Раство 2023 года ён наведаўся ў манастыр і пахваліў яго за дапамогу расійскім вайскоўцам:
«Вы робіце правільна… Мы не толькі дапамагаем нашым рускім братам, расіянам, я гэтага ніколі не хаваў. І ўчорашні мой візіт да вайскоўцаў, да расійскіх вайскоўцаў, без утойвання сведчыць пра тое, што мы падтрымлівалі і падтрымліваем нашых братоў».
Духоўнік манастыра Лемяшонак у адказ Лукашэнку са святоўным страхам прамовіў:
«Сёння трэба быць адважным, каб сказаць: мы з Расіяй».
Чытайце таксама:
Сёстры Свята-Елісавецінскага манастыра прыехалі ў Ірландыю зарабіць «на праекты»
Свята-Елізавецінскі манастыр правёў чарговы Z-канцэрт пад расійскімі трыкалорамі