Намесніку кіраўніка прадпрыемства з групы кампаній «Санта» далі 10 гадоў за буйны хабар

Агулам ён атрымаў каля $40 тысяч.

20.03.2024 / 08:00

Віктар Галянчук. Фота з ягонай старонкі ў аднакласніках

Асуджаны — 47-гадовы Віктар Галянчук. Ён з простай сям'і: ягоная маці працавала начальніцай білетных касаў у Брэсце, а бацька быў слесарам на «Санта-Брэмары». У Галенчука жонка і двое паўналетніх дзяцей.

Вядома, што ён даўно працаваў у кампаніі «Санта Імпэкс». Прадпрыемства займаецца будаўніцтвам і грузаперавозкамі, уваходзіць у групу кампаній «Санта». Ужо ў 2007-м Віктар быў намеснікам дырэктара прадпрыемства, а на 2021-ы займаў пасаду намесніка дырэктара па транспарце. Мужчына кіраваў перавозкамі і меў магчымасць размяркоўваць маршруты і выканаўцаў грузаперавозак.

Невядома, ці браў ён хабары раней, але першы вядомы эпізод адбыўся ў маі 2021-га — тады ён дамовіўся з прадпрымальнікам, што за штомесячны хабар дапаможа яму атрымліваць лепшыя кантракты на перавозкі.

Такую ж схему ён правярнуў яшчэ з двума прадпрымальнікамі. А з адной з фірмаў ён дамовіўся, што будзе атрымліваць 1% ад прыбытку за перавозкі (пасля адкат павысіўся да 2%).

Агулам Віктар Галянчук, згодна з пастановай суда, зарабіў на гэтым не менш за 96 тысячаў рублёў або каля $40 тысяч на той момант. Арыштавалі яго ў лістападзе 2022 года.

У снежні 2023 менеджару прысудзілі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 111 тысяч рублёў. Апеляцыя нічога не дала — прысуд уступіў у сілу.

Чытайце таксама:

Экс-кіраўніка гомельскага Белінвестбанка судзяць па трох артыкулах. Два з іх нечаканыя

Стартуе суд з незвычайным наборам фігурантаў — галоўны санітарны доктар Міншчыны, міліцэйская начальніца і бізнэсмен з Арменіі

Як элітная калонія для былых чыноўнікаў і сілавікоў ператвараецца ў палітычную турму. Гісторыя «Віцьбы-3»

Nashaniva.com