У Расіі мабілізаванага, які да смерці збіў капітана, пакуль эшалон ехаў на вайну, прыгаварылі да 10 гадоў

Аляксея Афанасьева мабілізавалі для ўдзелу ў вайне ва Украіне ў 2022 годзе.

21.03.2024 / 11:03

Магнітагорскі гарнізонны ваенны суд прыгаварыў мабілізаванага старшага сяржанта Аляксея Афанасьева да 10 гадоў калоніі строгага рэжыму па справе аб забойстве капітана падчас руху на вайну ва Украіне, піша «Настоящее время».

Афанасьева мабілізавалі для ўдзелу ў вайне ва Украіне ў 2022 годзе. Як сказана ў прэс-рэлізе суда, вечарам 23 снежня таго ж года, калі ён у складзе ваеннага эшалона ехаў на фронт, старшы сяржант напіўся і напаў на начальніка харчовай службы воінскай часці ў званні капітана, бо быў незадаволены яго паводзінамі.

Пры вынясенні прысуду Афанасьеву, як гаворыцца ў паведамленні прэс-службы, суд улічыў «грамадскую небяспеку ўчыненых злачынстваў» і прызнаў абцяжарвальнай акалічнасцю тое, што яно было здзейснена ў перыяд мабілізацыі падчас камандзіроўкі «для ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі» (г.зн. у вайне ва Украіне)

Nashaniva.com