У Мінску затрымалі брата каліноўца Дзяніса Урбановіча
Сілавікі затрымалі брата Дзяніса Урбановіча Максіма два дні таму, паведамляюць крыніцы «Белсата». Па іх інфармацыі, незадоўга да затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіК прайшліся па сваяках Дзяніса Урбановіча.
21.03.2024 / 14:34
Дзяніс Урбановіч
Пакуль Максім Урбановіч знаходзіцца ў следчым ізалятары. Хутчэй за ўсё супраць яго заведзена крымінальная справа па трох артыкулах, але па якіх канкрэтна, пакуль невядома. Сваякі не даюць ніякіх каментароў наконт гэтай сітуацыі.
Як паведамлялася, у сакавіку 2023 года да бацькі Дзяніса Урбановіча, які жыве ў Беларусі, прыходзілі сілавікі і прымусілі яго запісаць відэа, на якім мужчына звяртаецца да сына з просьбаю, каб той капітуляваў і вяртаўся на радзіму: «Адсядзіш дзясятку якую, ну і чорт з ім, затое будзеш жыць на радзіме». У тэлеграм-канале сілавікоў сцвярджалі, што на Дзяніса завялі крымінальную справу за сяброўства ў «Маладым фронце», які ўлады Беларусі прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.
Дзянісу Урбановічу 34 гады. Ён быў чацвёртым старшынёй «Маладога фронту». Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015-га зняў дзяржаўны сцяг з будынку выбарчага ўчастку ў вёсцы Кораньшчына. Да 29 жніўня 2017 года адбываў пакаранне на «хіміі». У 2018-м браў удзел у абароне Курапатаў. У 2022-м пасля ўварвання Расіі ва Украіну паехаў на фронт, ваюе ў батальёне «Волат» з пазыўным Ваўкалак. Нягледзячы на чатыры раненні і тры кантузіі, працягвае ваяваць на перадавой у зоне баявых дзеянняў.
Чытайце таксама:
«Мне трэба быць з хлопцамі». Дзяніс Урбановіч пасля пяці раненняў вярнуўся на фронт
«Гэта смех проста». Урбановіч скептычна ацаніў заявы штаба Палка Каліноўскага аб вызваленні Беларусі