На патрабаванне пракурора магілёўцу павялічылі тэрмін паводле «экстрэмісцкага» артыкула

Мужчыну затрымалі ў Брэсце пры перасячэнні мяжы.

22.03.2024 / 15:33

У снежні 2023 года жыхара Магілёва прысудзілі да 4,5 года пазбаўлення волі паводле артыкулаў аб уваходжанні ў экстрэмісцкае фармаванне, удзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, праходжанні вайсковага навучання з мэтай наступнага ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці (ч.3 арт. 361-1, ч. 1 арт. 361-3, арт. 361-5). Пракуратура апратэставала прысуд.

Тэрмін зняволення для 53-гадовага мужчыны павялічылі да 6 гадоў калоніі, піша Reform.by.

Паводле абвінавачання, магілёвец з 23 красавіка па 2 мая 2023 года нібыта ўвайшоў у склад экстрэмісцкага ўзброенага фармавання. У навучальным цэнтры ва Украіне прайшоў навучанне, у тым ліку па фізічнай падрыхтоўцы, тактыцы вядзення бою, стральбе са стралковай зброі і медыцынскай падрыхтоўцы. Мужчыну затрымалі ў Брэсце пры перасячэнні мяжы.

Дзяржабвінаваўца не пагадзіўся з першапачатковым прысудам суда «з прычыны яго мяккасці «з улікам» высокай ступені грамадскай небяспекі» дзеянняў абвінавачанага і звестак пра яго асобу. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда задаволіла пратэст у поўным аб'ёме. Прысуд уступіў у законную сілу, паведамляе пракуратура Магілёўскай вобласці.

Чытайце таксама:

Ігару Карнею прысудзілі тры гады калоніі

Сілавікі затрымалі 36-гадовага мінчука за выказванні ў чат-рулетцы правакатара Комара

«Не сам ШІЗА страшны, а чаканне». Былы палітвязень расказаў пра застрашванні адміністрацыі, медытацыі і спіс кніг ад «топавых сядзельцаў»

Nashaniva.com