«Калі хочаш сабе другую жонку, то добра, але без мяне». Беларуска пераехала ў Польшчу і прыняла іслам
10 сакавіка ў мусульман пачаўся святы месяц Рамадан. На працягу 30 дзён вернікі трымаюць пост: не ядуць і не п'юць ад усходу да заходу сонца. Most пагаварыў з беларускай Наталляй Папковай — палітычнай актывісткай, якая прыняла іслам пасля пераезду ў Польшчу. Жанчына расказала, як прыняцце ісламу змяніла яе жыццё, як на гэта адрэагавалі яе сябры і бацькі і як гэтая рэлігія спалучаецца з фемінізмам.
22.03.2024 / 23:23
Наталля Папкова нарадзілася ў праваслаўнай сям'і. Яна ўспамінае, што бацькі святкавалі Вялікдзень, але на гэтым праявы рэлігійнасці ў сям'і заканчваліся. У дзіцячым і юнацкім узросце беларуска не адчувала цікавасці ні да адной рэлігіі.
У 26 гадоў Наталлю паралізавала без дай прычыны
Шлях да веры пачаўся, калі ў 26 гадоў Наталлю раптам паралізавала без ніякай на тое прычыны. У такім стане яна месяц праляжала ў бальніцы.
«У адзін з дзён я паралізаваная нечакана ўпала з ложка, — успамінае жанчына. — І пасля гэтага, крок за крокам, я ўстала на ногі. Гэта не магло адбыцца само па сабе. Тады я падумала, што «нешта» мне дапамагае».
Пасля ачуняння беларуска стала агностыкам і пачала пошук рэлігіі, чытала Біблію і іншыя святыя пісанні.
Наталля была адной з арганізатарак пратэстаў супраць «дэкрэта аб дармаедах» і ў 2017 годзе праз пераслед з боку беларускіх уладаў з'ехала ў Польшчу. У гэтай краіне беларуска ўпершыню прачытала Каран.
«25 сакавіка я арганізавала акцыю на Дзень Волі, а 26 сакавіка прыйшла ў іслам»
У Варшаве Наталля зняла пакой у хостэле. Там жа жылі двое мусульман з Алжыра — адзін з іх пасля стаў мужам беларускі. Мужчыны дапамагалі ёй, падтрымлівалі, куплялі ежу, часам плацілі за хостэл і размаўлялі пра іслам.
«У іслам я прыйшла праз Каран, не праз людзей, — падкрэслівае Наталля. — Людзі мне падказвалі, паказвалі, што можна пачытаць. А далей я ўжо сама. Іслам мяне прыцягнуў паслядоўнасцю, логікай, дысцыплінай, чысцінёй. Гэта менавіта тое, што мне падыходзіла тады і падыходзіць цяпер. У свой час Напалеон сказаў, што калі б ён прыдумляў для Францыі Канстытуцыю, то за аснову б узяў Каран».
Беларуска адзначае, што перш чым перайсці ў новую веру, яна прачытала Каран тры разы: як чалавек, як палітык і як тая, што прыняла рашэнне стаць мусульманкай.
Іслам Наталля прыняла ў Львове — у татарскай мячэці, якая туды пераехала з Крыма пасля анэксіі паўвострава Расіяй.
«У 2018 годзе я паехала ў Львоў — мяне папрасілі арганізаваць там Дзень Волі. 25 сакавіка я арганізавала гэтую акцыю, а 26 сакавіка я прыйшла ў іслам», — успамінае яна.
Прыняцце ісламу — адно з найпрасцейшых сярод усіх рэлігій. Дастаткова вымавіць услых кароткі ўрывак з Карана (шахаду), а пасля пацвердзіць сваё рашэнне «ў сэрцы».
Наталля Папкова на акцыі. Фота: фэйсбук Наталлі
«У ісламе аднаполыя сувязі — гэта грэх… Але іслам вучыць заступацца за прыгнечаных»
Наталля кажа, што ў яе дастаткова інтэлігентныя сябры і знаёмыя, таму яе пераход у іслам яны ўспрынялі нармальна. Праўда, некаторым з іх было складана прыняць, што іх сяброўка цяпер не прызнае алкаголь.
«Але я і без алкаголю застаюся душой кампаніі», — смяецца беларуска.
Мама таксама прыняла выбар дачкі.
«Мама спачатку здзівілася, потым сказала, што я тэрарыстка. А потым спытала, што цяпер зменіцца ў маім жыцці. Я адказала, што больш ніколі не вып'ю алкаголь, што буду хаваць сваё цела і гэтак далей. І яна сказала: «Калі не будзеш піць, то і дзякуй богу», — успамінае Наталля.
Польскае асяроддзе таксама спакойна ставіцца да выбару Наталлі. Аднак «менш інтэлектуальныя людзі» могуць задаваць дзіўныя пытанні, напрыклад, чаму мусульманка носіць джынсы.
«Натуральна, я буду на працу хадзіць у джынсах, калі я працую ў краме. У абаі будзе нязручна», — адказвае ў такіх выпадках яна.
«Паліцыянты надзелі пальчаткі і пачалі нешта шукаць. Бомбу, напэўна»
Наталля ўспамінае, што ў Варшаве яе два разы ледзь не збілі за знешні выгляд: адзін раз — у цэнтры, другі раз — у раёне Прага. Часам да яе падыходзяць і паліцыянты. І калі на беларускіх акцыях яны ўжо прывыклі да жанчыны ў хустцы, то яе з'яўленне на вакзале ў гадзіну ночы выклікае пытанні.
«Я люблю карміць бяздомных, — тлумачыць Наталля. — І вось я іду ў сукенцы, у хіджабе і з двума вялікімі вёдрамі з-пад маянэзу. Да мяне падыходзіць паліцыя і пытаецца: «Што гэта?» Я кажу: «Ежа, іду бяздомных карміць». Яны сказалі адкрыць вёдры, надзелі пальчаткі і пачалі нешта шукаць ўнутры. Бомбу, напэўна».
Па словах Наталлі, дапамога тым, хто ў гэтым мае патрэбу, прыгнечаным — гэта менавіта тое, чаму вучыць іслам. Трыманне гэтага правіла прывяло летась да канфлікту з удзельнікамі акцыі да Дня Волі ў Варшаве. Па словах беларускі, падчас акцыі «сталі гнабіць» беларускіх анархістаў за тое, што яны прыйшлі з ЛГБТ-сцягамі. Жанчына запатрабавала перастаць гэта рабіць і сама ўзяла вясёлкавы сцяг у рукі: «І вось я ў хіджабе і з гэтым сцягам».
«Так, у ісламе аднаполыя сувязі — гэта грэх, — тлумачыць сваю пазіцыю Наталля. — Але калі такія людзі ёсць і калі ім гэта трэба для нармальнага жыцця, то нельга іх за гэта гнабіць. Усе людзі маюць аднолькавыя правы. Іслам вучыць заступацца за прыгнечаных. Касыя яны, крывыя ці яшчэ якія — прашу прабачэння за непаліткарэктнасць — гэта ўжо не наша справа. Калі іх прыгнятаюць, мы павінны за іх заступацца і дапамагаць».
Наталля Папкова на акцыі. Фота: фэйсбук Наталлі
«Калі хочаш сабе другую жонку, то добра, але без мяне»
Наталля спалучае з ісламам сацыял-дэмакратычныя палітычныя погляды і фемінізм. Яна не згодная з ходкім меркаваннем, што яе вера неяк ўціскае правы жанчын, і можа пацвердзіць гэта вопытам сямейнага жыцця з мусульманінам з Алжыра.
Перад вяселлем беларуска і алжырац абмяркоўвалі многія моманты, у тым ліку пытанне пра другую жонку.
«Я адразу сказала: калі хочаш сабе другую жонку, то добра, але без мяне. Далей дыскусіі не было», — расказвае Наталля.
Яе правы выконваліся і ў побыце.
«У побыце ён быў практычна нулявы, — дзеліцца беларуска. — Але нічога: за месяц навучыўся прыбіраць, яечню сабе смажыць. Я магла прыйсці з працы стомленай, і ён пытаўся, хачу я гатаваць ці не. Калі не, то мы ішлі ў кавярню і там елі. Не было такога, як кажуць, што мусульманка — рабыня свайго мужа. Нічога падобнага. Ты жанчына, і гэта я павінен цябе паважаць, клапаціцца пра цябе і ўтрымліваць».
Жанчына дадае, што ў іх адносінах было мноства «няшных момантаў»: муж быў вельмі клапатлівым, даглядаў яе, а кожная раніца пачыналася з кубачка кавы ад яго.
«Ён ніколі не тлумачыў іслам на сваю карысць, маўляў, ты жанчына і павінна тое і тое, — працягвае яна. — Не. Ты жанчына, і гэта я павінен цябе паважаць, клапаціцца пра цябе і ўтрымліваць. І ў Каране гэта таксама ўсё прапісана. У нас жыццё было пабудавана на павазе, даверы і любові».
Адзінай праблемай Наталля называе «пякельную рэўнасць» мужа. Яна жартуе, што муж раўнаваў яе нават да слупа ў мячэці. Такія паводзіны дастаўлялі нязручнасці, і муж ды жонка разумелі, што з гэтым трэба нешта рабіць.
«І ён пайшоў да псіхолага. Вылечыўся. Ён усё адно раўнаваў, але ўжо мог кантраляваць сваю рэўнасць», — успамінае беларуска.
З мужам Наталля пражыла паўтара года, яшчэ тры яны жылі на адлегласці: у мужа скончылася віза, і ён вымушаны быў з'ехаць на радзіму. Паляцець разам з ім Наталля не магла, бо Алжыр мог выдаць яе Расіі ці Беларусі.
«Тры гады — гэта вялікі тэрмін, таму мы прынялі пастанову, што нам лепш будзе расстацца», — падводзіць вынік жанчына.
Наталля ўпэўненая, што іслам дае жанчынам шмат правоў. Прычынай абмежаванняў, якія ёсць у некаторых мусульманскіх краінах, беларуска называе не рэлігію, а культурныя асаблівасці.
«Беларускія жанчыны таксама абмежаваныя ў правах, — мяркуе Наталля. — У Польшчы правы жанчын таксама парушаюцца. Тая ж забарона на аборты — гэта ж парушэнне жаночых правоў. У многіх арабскіх краінах сапраўды гэтак жа сама забароненыя аборты. І як ідзе барацьба за жаночыя правы ў Еўропе, так яна ідзе і ў іншых краінах».
Наталля Папкова на акцыі. Фота: фэйсбук Наталлі
«Па пяць разоў на дзень у мячэць не набягаешся»
З-за асаблівасцяў заканадаўства афіцыйны статус мячэці ў Польшчы маюць усяго чатыры будынкі: у Гданьску, Беластоку і ў дзвюх падляшскіх татарскіх вёсках — Бахонікі і Крушыняны. А самая вялікая арабская мячэць Варшавы называецца Культурны мусульманскі цэнтр. На святы ў канцы месяца Рамадан сюды прыходзіць па 3-4 тыс.чалавек.
«У Варшаўскую мячэць ходзіць шмат арабаў, — расказвае беларуска. — У Польшчы, як і ў астатняй Еўропе, вельмі каціруюцца арабскія айцішнікі, як і беларускія. Ёсць людзі ў мячэці з Палестыны, з Пакістана. Шмат людзей з постсавецкай прасторы: таджыкі, узбекі».
Наталля кажа, што ведае некалькі дзяўчат-полек, якія перайшлі ў іслам. А ў апошні час на малітвах сталі з'яўляцца і ўкраінкі. Ёсць прыклады пераходу ў іслам і сярод беларусаў.
«У двух маіх сяброў былі праблемы, па вялікім рахунку з-за алкаголю. Я падказала, што можна пачытаць Каран. Яны пачыталі і сказалі, што гэта многае спрашчае ў жыцці», — расказвае беларуска.
Наталля стараецца прыходзіць у мячэць па пятніцах — гэта святы дзень у мусульман, як нядзеля ў хрысціян. Але падчас Рамадана яна бывае тут практычна кожны дзень. Па вечарах для вернікаў арганізуецца іфтар — сумесны прыём ежы пасля заканчэння дзённага посту.
«Маліцца пастаянна ў мячэці не абавязкова, можна і дома, —расказвае беларуска. — Па пяць разоў на дзень у мячэць не набегаешся пры ўсім жаданні. Але калі ты на працы, напрыклад, то можна і дома пасля працы памаліцца. Я размаўляла пра гэта з імамам, ён кажа, што гэта нармальна».
«Строгай забароны хадзіць у начныя клубы няма»
У цэлым, па словах Наталлі, за апошнія некалькі гадоў Варшава, хоць і ненашмат, але стала зручнейшай для мусульман. Раней тут была ўсяго адна крама з халяльным мясам. А цяпер ужо тры, праўда знаходзяцца яны нязручна для яе.
Таксама ў польскай сталіцы складана правесці вольны час без алкаголю, але ў апошні час адкрываецца шмат кальянных. «З Францыяй, дзе на кожным кроку крамы і мячэці, не параўнаць, вядома», — адзначае жанчына.
Строгай забароны хадзіць у начныя клубы ў ісламе няма, але гэта і не вітаецца.
«Я нядаўна са сваёй сяброўкай хадзіла ў ЛГБТ-клуб, а да гэтага з сябрам — у звычайны клуб. Ну і, шчыра кажучы, я старая для гэтага — мне ўжо не заходзіць», — дзеліцца беларуска.
Наталля лічыць, што іслам «у тэму» ў любы час. Але калі людзі мяняюцца, то іслам застаецца такім жа, як і раней.
«У Каране напісана, што калі хочаш быць добрым мусульманінам, то ідзі за Каранам, а не за мусульманамі», — кажа беларуска.
Чытайце таксама:
Хлопцу, які спаліў Каран і якога збіў сын Кадырава, далі тры з паловай гады калоніі