Палітзняволеная Шарэнда-Панасюк у эфіры БТ: Мая краіна самая лепшая

Паліну Шарэнда-Панасюк знялі ў прапагандысцкім фільме на «Беларусь 1». Здымачную групу прыслалі ў Рэчыцу ў жаночую калонію для рэцыдывістак. Тут і ўтрымліваюць палітзняволеную ва ўмовах, прызнаных катаваннем.

22.03.2024 / 23:32

Паліна Шарэнда-Панасюк

Яна ўжо даўно адбыла прызначанае ёй пакаранне за «абразу Лукашэнкі» і «гвалт у адносінах міліцыянера», але ёй дадаюць год за годам за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».

Чарговы тэрмін Паліны Шарэнда-Панасюк сканчаецца 21 мая 2024 года. Магчыма, удзел у прапагандысцкай праграме і з’яўляецца ўмовай вызвалення і спынення катаванняў.

Аналізаваць словы закладніцы не мае сэнсу.

Пазітыўны момант у існуючых абставінах — магчымасць для сям’і ўбачыць Паліну ўпершыню за доўгі час. А яна змагла пабачыць некалькі секунд відэа з дзецьмі і мужам, якое ёй са свайго мабільніка паказала журналістка БТ.

Звернем увагу толькі на адзін дыялог. «Вы называеце сябе беларускай, патрыёткай?», — спыталася прапагандыстка. «Так», — адказала Паліна. «А ў чым заключаецца ваш патрыятызм?» — У тым, што мая краіна самая лепшая», — з усмешкай стала Паліна 

«Краіна ў якіх межах?» — паспрабавала яе справакаваць журналістка.

«Для мяне ў тых, у якіх ёсць», — адказала Паліна. «То-бок калі Брэст [аддаць] Польшчы…» — зноў пачала прапагандыстка. Паліна Шарэнда-Панасюк не адказала ёй нічога.

Nashaniva.com