Арыенціроўку на падазраваных у тэракце даслалі з Масквы і беларускім сілавікам
Сілавыя структуры Беларусі атрымалі ад МУС Расіі арыенціроўку на падазраваных ва ўчыненні тэрарыстычнага акту ў канцэртнай зале «Крокус», паведаміла арганізацыя былых сілавікоў BelPol са спасылкай на ўласныя крыніцы.
23.03.2024 / 19:49
Як сцвярджаецца, у гэтай арыенціроўцы гаворыцца, што ўсяго «было 3-4» нападнікаў. Адзначаецца, што пасля здарэння яны схаваліся на белым «Рэно».
Пры гэтым у дакуменце, фрагмент якога апублікаваў BelPol, пазначаныя імёны шасці «абгрунтавана падазраваных асоб», самаму малодшаму з якіх 29 гадоў, самаму старэйшаму — 48. Некалькі чалавек з гэтай арыенціроўкі, як хутка выявілася, не мелі да тэракту дачынення, бо ў час яго выканання дакладна знаходзіліся на радзіме ў Таджыкістане ці ў іншых аддаленых ад Масквы месцах.
BelPol паведамляе, што МУС Беларусі загадала ўзброіць аўтаматамі нарады ДАІ на мяжы з РФ, а таксама «арыентаваць асабісты склад на пошук» названых асоб.
У арыенціроўцы, як сцвярджае BelPol, МУС РФ звяртаецца да беларускіх сілавікоў не як да «прадстаўнікоў іншай дзяржавы, у якіх просяць аб аказанні дапамогі», а як да «падначаленых, якія абавязаныя выканаць загад расійскага кіраўніцтва».
Факт цеснага ўзаемадзеяння расійскіх і беларускіх сілавікоў падчас затрымання асоб, падазраваных ва ўчыненні тэракту, пацвердзіў і пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты. Ён заявіў, што беларускія спецслужбы, маўляў, дапамагалі лавіць стралкоў з «Крокуса», каб не даць тэрарыстам «пайсці праз нашу агульную мяжу».
«Актыўнае ўзаемадзеянне з пятніцы ажыццяўляецца па лініі спецыяльных службаў. Кіраўнік Камітэта дзяржбяспекі знаходзіцца ў прамой сувязі са сваім калегам. І фактычна асноўнай задачай мінулай ноччу было не даць тэрарыстам пайсці праз нашу агульную мяжу. Такая задача выкананая», — сказаў Круты.
Чытайце таксама:
Тэракт у «Крокус Сіці Холе» пад Масквой. Што вядома па стане на вечар суботы
У мінскім метро ўзмацнілі меры бяспекі ў сувязі з тэрактам у Падмаскоўі
Што вядома пра беларуса Аліма Кашаварава, які знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане пасля тэракту
У Крамлі далі ўказанне дзяржаўным і лаяльным уладзе СМІ падкрэсліваць у тэракце «ўкраінскі след»