Польшча не выпускае ў Беларусь транзітныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра

Польшча перастала выпускаць у Беларусь транзітныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра. Паведамленне пра гэта са спасылкай на кіраўніка польскай мытні і фотаздымак адпаведнай абвесткі на мяжы з’явіліся ў тэлеграм-чаце «Граница Польша», заўважыў «Белсат».

23.03.2024 / 23:04

Фота ілюстрацыйнае

Абмежаванне закранае аўтамабілі BMW і канцэрну VAG, які выпускае маркі Volkswagen, Audi, Seat, Škoda ды іншыя. Уласнікі аўтамабіляў пералічаных марак мусяць падаць на мытні дакумент ад вытворцы, які пацвярджае права на экспарт машыны па-за межы Еўрасаюза.

У гэтым дакуменце мае быць пазначана, што вытворца ведае, хто прадае і хто купляе аўтамабіль, а ўгода не выклікае перасцярог датычна магчымага абыходу міжнародных санкцыяў. Акрамя таго, вытворца мусіць пацвердзіць, што ведае канчатковага ўласніка аўтамабіля і ўпэўнены, што машына будзе перамяшчацца транзітам праз тэрыторыю Беларусі ці Расіі ў трэцюю дзяржаву і падчас транзіту не будзе перапрададзеная.

Акрамя таго, уласнік аўтамабіля мусіць падпісаць заяву, што ведае пра адказнасць за фальшаванне такога дакумента.

Абвестка аб пропуску праз мяжу аўтамабіляў з аб’ёмам рухавікоў, большым за 1,9 літра.Фота: Граница Польша / Telegram

У канцы абвесткі пра новае абмежаванне даецца спасылка на санкцыйную пастанову Рады Еўрасаюза № 833/2014.

Чытайце таксама:

«Адразу нават не зразумелі, як усё кепска». Беларус расказаў, як перасякаў польскую мяжу

За чатыры паездкі ў Польшчу можа атрымацца нармальная беларуская зарплата. Колькі зарабляюць беларускія чаўнакі 

На хуткаснай трасе ў Польшчы беларус збіў мужчыну, які выйшаў на дарогу з-за фермерскага пратэсту

Nashaniva.com